Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк у Мар’інай Горцы

25 лістапада паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі Мар’іну Горку, дзе ў межах кампаніі “Будзьма” яны правялі дзве творчыя сустрэчы.

Спачатку сталічныя паэты выступілі перад вучнямі старэйшых класаў Мар’іна-Горскай сярэдняй школы № 3. Актавая зала школы не змагла ўмясціць усіх жадаючых сустрэцца з жывым паэтычным словам і беларускай песняй, якую пад час свайго выступу з поспехам  прэзентавалі вядомыя творцы.

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”  Эдуард Акулін пазнаёміў прысутных са зместам апошніх нумароў выдання і заклікаў прысутных станавіцца чытачамі, падпісчыкамі і аўтарамі “самага лепшага літаратурна-мастацкага часопіса Беларусі”. У працяг размовы паэт Леанід Дранько-Майсюк прачытаў некалькі сваіх вясёлых вершаў з кнігі “Цацачная крама”, якая  сёлета пабачыла свет у серыі “Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”.

Своеасаблівым працягам тэмы паэзіі і весялосці стала сутрэча ў сярэдняй школе №4. Там удзельнікамі паэтычнага сумоўя сталі вучні 9 класаў. Многія з іх выявілі сябе цудоўнымі знаўцамі як літаратурнай класікі, так і творчасці сучасных беларускіх паэтаў. За гэта па праве былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі з лагатыпам кампаніі “Будзьма”.

Арганізатарам абедзьвюх сустрэч выступіла намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Бібліятэка прапануе” Людміла Несцяровіч.

Ваш каментар