Этна-фэст “Ад неба на паўметры”

Этнічны фестываль пад назовам “Ад неба на паўметры” прайшоў у менскім ДК “МАЗ”. Мерапрыемства аб’яднала розныя накірункі этнічнай ды фолькавай беларускай музыкі, сярод выступоўцаў сустракаліся як прадстаўнікі, якія выконвалі беларускую народную музыку ў  стылі блізкім да аўтэнтычнага, так і праекты з эксперыментальным падыходам.

Сваю творчасць менскім слухачам прадставілі больш 10-ці музычных калектываў. Сярод якіх былі як ўжо вядомыя гурты – “Нагуаль”, “Князь Мышкін”, “Guda”, так і свежыя імёны беларускай этна-сцэны, напрыклад “Dzivasil”, прафесійны гурт які грае ў стылі этна-эмбіент, выкарыстоўваючы народныя інструменты, Akana-NHS – калектыў, які грае этна-джаз. Сапраўдным адкрыццём фестывалю стаў новы этна-рок-гурт Машы Лагодзіч, вядомай па дзейнасці ў гурце “Яр”, пад назваю Hoha-band.

Адмыслова да фэсту былі зробленыя арыгінальныя дэкарацыі ў выглядзе скульптур са снапоў сена у стылі фольк-мадэрн, а ў фае наведвальнікаў сустракалі маладыя майстры народных рамёстваў, якія ня толькі паказвалі свае творы, але і прапаноўвалі гледачам паўдзельнічаць у іх стварэнні.

Паміж выступамі выканаўцаў гледачоў забаўлялі вядоўцы шоў – Павал Гарадзецкі і Дзяніс Тарасенка (гурт “Разбітае сэрца пацана”).
Нягледзячы на ўсе намаганні арганізатараў, прадзюсарскага цэнтру Kombine Music, канцэртнай арганізацыі “Арт-Флай” і Аддзелу культуры адміністрацыі Завадскога раёна, фестываль не можа пахваліцца аншлагам. З-за нераспрададзеных квіткоў мерапрыемства нават прыходзілася пераносіць на пазнейшы тэрмін.

- Фестываль меў бы больш прыхільнікаў і больш гледачоў, калі б быў яскрава выражаны хэдлайнер. Калі б напрыканцы выступаў “Палац”, ці “Kriwi”, ці “Троіца”, я думаю была б поўная заля, кажа салістка гурта Hoha-band Маша Лагодзіч.

Аднак нягледзячы на ўсе перашкоды фестываль адбыўся паспяхова, і як мяркуюць арганізатары, мае шанец стаць штогадовым святам для аматараў беларускай народнай музыкі.

Фэст прайшоў пры інфармацыйнай падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!

Таксама па тэме: Фотарэпартаж.

Ваш каментар