Міхась Скобла і Кася Камоцкая ў Маладзечне
Праз завіруху дабіраліся 28 студзеня на творчую сустрэчу з маладзечанскімі гімназістамі паэт Міхась Скобла і спявачка Кася Камоцкая.
Каля Ільі Вілейскага раёна (у першую палову дня госці з Мінску былі ў лагеры “Зубраня”, адтуль ехалі ў Маладзечна) машына ледзь не сутыкнулася з аўтобусам. Але ўсё абышлося.
У гімназіі №6 спявачку і паэта чакалі вучні 8-10 класаў. Сустрэчу пачаў Міхась Скобла. Даведаўшыся, што гімназісты добра ведаюць англійскую мову, ён спытаў: “Як па-англійску будзе “Я люблю Беларусь”?” Пачуўшы ў адказ “I love Belarussia”, настойваў на варыянце “Belarus” і спасылаўся на пастанову ААН.
Затым даў слова Касі Камоцкай, якая праспявала некалькі песень, першай з якіх была “Божа, забяры маё жыццё” на верш Адама Глобуса.
Пасля свае вершы чытаў Міхась Скобла. Першы з іх – “Балада пра стайню” – уразіў не толькі прысутных дарослых, але і вучняў.
Напрыканцы сустрэчы госці прапанавалі моладзі задаваць пытанні. Гімназістаў цікавіла, аб чым марыць паэт, якая ў дачкі Касі Камоцкай любімая песня, што іх абодвух натхняе на творчасць.
Аўтары самых цікавых пытанняў атрымалі сувеніры. Сярод іншага Міхасю Скоблу спадабалася пытанне ад дзяўчат: “Мы ведаем, што Вы скакалі з парашутам. Якія ў Вас ад гэтага ўражанні?” “Скокі з парашутам, клянуся вам, такое выпрабаванне на смеласць, на мужнасць, што за хлопца, які ўжо скакаў з парашутам, вы, дзяўчаты, можаце смела ісці замуж”, – адказаў паэт. Падчас размовы высветлілася, што сам Міхась Скобла скакаў 19 разоў. Але на ананімнае пытанне з залы “19 разоў… А Вы свабодны?” (дасланае карэспандэнтам “РГ”) паэт адкрыта не адказаў, нават не агучыў яго. Адзначыў, што пытанне інтымнае, і прапанаваў аўтарцы падысці пасля сустрэчы. Праўда, праз некалькі хвілін расказаў, што ў яго ёсць 15-гадовая дачка і 4-гадовы сын.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі гімназісты мелі магчымасць набыць зборнік Міхася Скоблы “Акно для матылькоў” і іншыя кнігі, а таксама кампакт-дыск з песнямі Касі Камоцкай. Госці з Мінска раздавалі аўтографы.
Сустрэча праходзіла ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Фота Рэгіянальная газета.


