Добры рок (+ фотарэпартаж і відэа)

jmors-76792

Дабрачынны выбух айчыннай рок-музыкі «Добры фэст» кінуў кліч міласэрнасці праз танцавальны фольк, цяжкі рок, беларускі рэп і дапамог дзецям праз хвалі энэргетычнага драйву ў клубе «Рэактар» 22 красавіка.

Пяць гуртоў адыгралі музычнае шоў на карысць Чэрвенскага дома-інтэрната. У мэтах дабрачыннасці на сцэне аб’ядналіся гурты «Палац», «ZM99», «B:N», «Нейра Дзюбель» і «IQ48». Сцэна асвятлялася мільгаценнем мультоў розных часоў, а запальваць першыя агеньчыкі калясцэнавага руху пачаў танцавальнымі мелодыямі гурт «Палац».

jmors-70303

Лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка:

- Сёння рокавы канцэрт, але ж дабрачыннасць – гэта не толькі рокавая справа. Мы вырашылі сёння выйсці як папсавікі, каб стварыць танцавальны настрой. Будзе вельмі важна, калі раптам будуць танчыць. Калі сёння вы дапамаглі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, значыць, вы думаеце пра нашу краіну і пра тое, што адбываецца ў вашых сэрцах.

«Будзьма міласэрнымі!» – такі заклік аб’яднаў разам музыкаў, дабрачынны фонд «Добра тут» і кампанію «Будзьма беларусамі!», каб зладзіць разам свята музыкі, добрага настрою і пазітыву.

jmors-96601

Каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская:

- Быць беларусам – гэта не толькі слова, але і справа. Відавочна, што карысна слухаць пра нашу краіну, пра яе гісторыю і культуру, але не дастаткова. Быць беларусам – гэта сваімі рукамі ствараць свой сусвет, адчуваць адказнасць за яго і за людзей побач, якім патрэбная наша дапамога. Мы рады вітаць тых, хто зрабіў вялікі крок ад словаў да справы і падтрымаў нашу ініцыятыву дапамагчы дзецям.

Фонд «Добра тут» – прадстаўніцтва дабрачыннай арганізацыі «Burren Chernobyl Project», якая займаецца дапамогай дзецям і дарослым з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і цесна супрацоўнічае з Чэрвенскім домам-інтэрнатам.

jmors-72051

Супрацоўніца фонду «Добра тут» Алена Марцьянава:

- Калі фэст арганізоўваўся, мы не ведалі, колькі людзей прыйдзе і колькі будуць зацікаўленыя. Сённяшні дзень паказаў, што нашы людзі неабыякавыя, што іх шмат, і гэта цудоўна.

jmors-73851

Танцавальна-электрычны фольк ад «Палаца» змяніўся на сцэне вытанчанай брутальнасцю і хваляй эмоцыяў ад «ZM99» (Змяя). А надалей ініцыятыву дабрачыннасці працягнуў у раскаўбасных спевах і драйвовых гуках гітар гурт «B:N».

jmors-80181

Тэмы дзяцінства, музыкі і міласэрнасці арганічна суіснавалі ў межах фэсту. Так, вядоўцы Vincent і Ірына Кашырына згулялі з наведнікамі ў віктарыну дзіцячых загадак ды час ад часу пагружаліся ў глыбіню згадак пра дзяцінства. Жывым напамінам пра дзяцінства стаўся фоташэраг дзіцячых здымкаў. «Вочы дзяцей не кранутыя брудам жыцця», – акрэсліў тэму фотаздымкаў беларускі рэпер і вядоўца вечару Vincent.

Вядоўца Vincent:

- Сёння мы сабраліся ў гэтым клубе, каб зрабіць на адну добрую справу болей. Мы часта не заўважаем, што ў нас ёсць здароўе і моцны дух. Мы рады бачыць тут людзей, якія неабыякавыя да патрэбаў іншых. Кожны дапамагае іншым тым, чым можа. Кампанія «Будзьма» зладзіла фотавыставу Аляксандра Ждановіча «Адваротны бок зорак». Быў створаны адмысловы сайт, дзе быў арганізаваны продаж гэтых фотаздымкаў, а сродкі ад продажу пойдуць на патрэбу Гарадзішчанскага дома-інтэрната.

У суседстве з канцэртам, у фае клуба, змясціліся арыгіналы з фотавыставы Аляксандра Ждановіча «Адваротны бок зорак», што апавядае ў здымках пра канцэртнае жыццё беларускіх музыкаў.

jmors-79271

Абарыгены дабрачынных канцэртаў і рок-каралі «Нейра Дзюбель» асвяцілі вечар хітамі пра «Чорные глаза», «Край» ды растлумачылі, як «можна жыць» і міласэрнымі быць.

Аляксандр Куллінковіч:

- Па тэлебачанні кажуць, што мы такія добрыя і класныя, толькі гэтага ні разу не бачна. Пакаўбасімся і дапаможам дзецям!

jmors-8305

Аляксандр Ракавец («IQ-48»)

Трохгадзіннае музычнае шоў дабрачыннасці завяршылі ініцыятары фэсту – «здаровыя лосі» з «IQ-48». Натоўп слухачоў прывітаў хлапцоў танцамі ды скокамі. Музыкі выканалі некалькі вядомых кампазіцый ды новую песню пра «Простага хлопца» – чароўнага трусіка.

Яўген Бузоўскі:

- Дзякуй, што вы прыйшлі. Гэта сведчыць пра тое, што для вас важныя не толькі гукі року, але яшчэ і грукат дзіцячых сэрцаў.

Канцэрт арганізаваны сумеснымі намаганнямі гурта «IQ48», фонду «Добра тут» і кампаніі «Будзьма беларусамі!».

jmors-73611

Адзін каментар

  1. # 23 красавіка 2010 17:55
    андрэй

    Іна Кашырына (не Ірына). А так канцэрт быў у парадку!

Ваш каментар