Мясцовыя органы ўлады і недзяржаўныя структуры: разам лепей працаваць на прасторах

Круглыя сталы, зладжаныя Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры сумесна з органамі выканаўчай і распарадчай улады Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці, адбыліся 15 чэрвеня.

dsci0002

У Лужэцкім сельскім савеце

Паседжанне ў Лужках — старадаўнім мястэчку з багатай гісторыяй — адбылося ў сельскім савеце. Удзел у мерапрыемстве з боку выканаўчай улады ўзялі начальнік аддзела ідэалагічнай працы Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Макаранка, начальнік аддзела культуры Іна Шынкевіч, намеснік начальніка аддзела культуры Уладзімір Райчонак, старшыня Лужацкага сельскага савета Таццяна Краснадубская.

Таварыства аховы помнікаў было прадстаўленае старшынём Рэспубліканскага савета Антонам Астаповічам, каардынатарам агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ігарам Ляльковым, мастаком-рэстаўратарам Алесем Астравухам, дырэктарам Музея габрэйскай гісторыі і культуры Беларусі Інай Герасімавай, журналістам «БелаПАН» Маратам Гаравым і рэгіянальнымі актывістамі краязнаўчага руху Адай Райчонак і Эдмундам Гірыным.

dsci0037

У Глыбоцкім райвыканкаме

Антон Астаповіч:

«Былі абмеркаваныя праблемы не толькі захавання, але і выкарыстання гістарычна-культурнай спадчыны Лужак ва ўстойлівым развіцці мястэчка, канцэптуальныя прапановы па адраджэнні вобразу дадзенага населенага пункта як мястэчка-штэтла з поліэтнічнай, полікультурнай і шматканфесійнай разнастайнасцю, месца нараджэння вядомага дзеяча габрэйскай культуры Элеазара Бэн-Егуды (Лазара Перэльмана), абмеркаваныя крокі па рэгенерацыі руін сінагагальнага комплексу, якому ў сакавіку 2010 г. нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці.

dsci0049

Падарункі ад “Будзьмы”

Прадстаўнікі грамадскасці прапанавалі правядзенне валанцёрскага летніка па добраўпарадкаванні руінаў сінагогі і міквы ў жніўні 2010 г. пры падтрымцы Шаркаўшчынскага райвыканкама і супрацу ў супольным праекце па развіцці мястэчка пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага саюза — «Недзяржаўныя структуры (аб’яднанні грамадзян) і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасці па развіцці: праекты для Беларусі» . Прапановы Таварыства прынятыя з разуменнем і будуць разгледжаныя для прыняцця канчатковага рашэння ў найбліжэйшы час».

Завяршылася сустрэча невялікай экскурсіяй па Лужках і ваколіцах.

У Глыбокім круглы стол адбыўся ў райвыканкаме з удзелам намеснікаў старшыні выканкама Віналія Пяткевіча, Аляксея Янкевіча, старшыні раённага савета дэпутатаў Валянціны Семянчонак, начальнікаў аддзела ідэалагічнай працы Міхала Чарапкоўскага, спорту і турызму Міхала Арэхава, супрацоўнікаў зацікаўленых аддзелаў і службаў. Адзначаная прысутнасць галоўнага рэдактара газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзіміра Скрабатуна.

dsci0008

Ігар Лялькоў і Інна Герасімава

На нарадзе глыбоцкімі краязнаўцамі Алай Вярцінскай (ініцыятар сустрэчы) і Юрыем Калбасічам былі прадстаўленыя матэрыялы па помніках гісторыі і культуры, якія вартыя прапановы па наданні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Гэта гаспадарчыя і службовыя пабудовы сядзібы з в. Азерцы, комплекс сядзібы ў Кашталянаўшчыне, шэраг будынкаў на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу ў в. Залессе, габрэйскіх могілак у Глыбокім.

Антон Астаповіч:

«Практычна па ўсіх паднятых пытаннях прынятае ўзгодненае рашэнне пра супольную працу па падрыхтоўцы прапановаў для прадстаўлення ў Міністэрства культуры з мэтай надання аб’ектам статусу гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Праўда, па габрэйскіх могілках без правядзення поўнай інвентарызацыі распрацоўваць прапанову заўчасна. Да такой высновы ўдзельнікі круглага стала прыйшлі пасля аргументаваных выступленняў Іны Герасімавай і Антона Астаповіча.

Асобныя пытанні — закапанская архітэктура і працы па рамонце фрагментаў муроў кармеліцкага саду. Па першай праблеме вырашана правесці папярэднюю працу па распрацоўцы комплексных канцэптуальных падыходаў па захаванні і перспектыўным выкарыстанні будынкаў у закапанскім стылі не толькі ў Глыбокім, але і ў іншых населеных пунктах Глыбоцкага раёну. У той жа час Алесь Астравух даў слушныя парады па тэхніцы правядзення рамонтных прац на кармеліцкім муры побач з Копцеўскімі могілкамі».

Круглыя сталы адбыліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Ваш каментар