“Пачуцьці на мяжы вясны і лета” — імпрэза ў Мэдзе

Вядомая сярод студэнтаў пад кароткай назвай Мэд, навучальная ўстанова афіцыйна завецца Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсітэт. Менавіта тут 29 траўня перад выкладчыкамі і навучэнцамі выступалі сьпявачка Тацяна Беланогая і паэт Віталь Рыжкоў.
Імпрэза пад назвай “Пачуцьці на мяжы вясны і лета” доўжылася каля дзьвюх гадзін. Па заканчэньні рэшта людзей затрымалася, каб пагутарыць з выступоўцамі і падзяліцца ўражаньнямі.

Невялікая аўдыторыя на кафэдры беларускай мовы, дождж за вакном, музыка і вершы сталіся для студэнтаў спробай вырвацца з гранітнай глыбы навукі, якую неабходна дагрызьці цягам чэрвеня — пачынаюцца экзамэны. Відавочна, падобная імпрэза была вельмі патрэбная беларускамоўным людзям, што атрымліваюць адукацыю на расейскай мове.
Антаніна Гулько, студэнтка:
– Такія сустрэчы вельмі спрыяюць знаёмству між студэнтамі, якія жадаюць навучацца па-беларуску. Тацяну Беланогую ведаю добра, а вось Віталя Рыжкова пачула ўпершыню. Зараз ёсьць плынь паэтаў, якіхх цяжка зразумець, бо яны занадта мадэрнізаваныя, ня маюць душэўнасьці. А ў вершах Рыжкова я знаходжу глыбіню. Таксама спадабаліся ягоныя пераклады.

Віталь Рыжкоў, паэт:
– На імпрэзах такога кшталту выступаю з радасьцю і з радасьцю іду да новых людзей. Гэта заўсёды новыя слухачы, якіх беларускамоўнай суполцы часта бракуе. Выступаючы на слэмах, я прызвычаіўся, што адбываецца зваротная сувязь паміж паэтам і слухачамі. Але ня вельмі добра імправізую на хадзе, і мне прасьцей, калі задаюць пытаньні. Таму тым, хто сёньня прышоў, было прапанавана запісваць свае пытаньні і перадаваць мне.
Кацярына Пікірэня, студэнтка, арганізатарака імпрэзы:
– Літаральна да гэтага году ва ўнівэрсітэце была традыцыя праводзіць розныя імпрэзы, і мы вырашылі яе аднавіць. У нас ёсьць шмат студэнтаў, якія цікавяцца беларускасьцю і беларускай культурай, але таксама ёсьць тыя, хто мала ведае пра беларускае сучаснае мастацтва, але ня супраць даведацца. Таму мы ў гэтым годзе стварылі беларускую суполку, свой сайт і цяпер знаёмімся ў рэальным жыцьці. Гэта першая з нашых імпрэзаў. Як толькі пачнецца новы сэместар, будуць імпрэзы рознага кшталту і, спадзяемся, у большай колькасьці. Будзем супрацоўнічаць і з “Будзьма!”.

Іпрэза ладзілася пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Масім Сямёнаў
Дзякуй Богу, што гэта адбываецца. Крок за крокам нас будзе больш і дзеці нашыя і ўнукі будуць валодаць і захоўваць беларускія традыцыі.
alyrik
толькі Пікірэня – гэта Каця
Cream
Танюшу Беланогую памятаюць і ў Брозаўцы, дзе 30 травеня выступаў «P.L.A.N.» у рамках прэзэнтацыі кнігі «222 альбомы беларускага року». Чытаць пра гэта можна тут: belmusic.org/news/mm-222-bjarozauka-radzima-znakamitascjau.html
І гэта рэальныя акцыі «Будзьма беларусамі».