Сустрэча з Антонам Астаповічам і Змітром Бартосікам у Германавічах

20 сакавіка ў Літаратурна-мастацкім музеі імя Міхася Райчонка (в. Германавічы Шаркаўшчынскага р-ну) адбылася гісторыка-культурная вечарына, якую ладзілі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і мясцовы Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Напачатку перад прысутнымі жыхарамі в. Германавічы, а таксама адмыслова прыехаўшымі на імпрэзу гасцямі з Шаркаўшчыны і Глыбокага выступіў каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў, які распавёў пра мэты і задачы кампаніі ды заклікаў слухачоў актыўна да яе далучацца. Старшыня Рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч у сваім выступе распавёў пра сённяшні стан аховы помнікаў гісторыі і культуры ў Беларусі, пра юрыдычную базу гэтай працы, пра неабходнасць чыннага ўдзелу грамадскасці ў справе зберажэння нашай спадчыны. Асаблівую ўвагу сп. Астаповіч надаў сітуацыі ў галіне аховы помнікаў у Шаркаўшчынскім раёне, а таксама распавёў пра планы стварэння новых музейных аб’ектаў на тэрыторыі раёну.

У другой частцы вечарыны адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім выканаўцам бардаўскай песні Зміцерам Бартосікам. У яго выкананні прагучаў цыкл перакладаў на беларускую мову песень вядомых расійскіх бардаў аўтарства Рыгора Барадуліна, а таксама шэраг аўтарскіх песень Бартосіка. Прысутныя мелі магчымасць пачуць адказы Зміцера на пытанні, датычныя і яго творчасці, і журналістскай працы на радыё “Свабода”, а таксама атрымаць дыскі з аўтографамі барда.

Вечарына скончылася смачным вясковым пачастункам, падрыхтаваным руплівасцю Культурна-асветнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча і яго нязменнай кіраўнічкі спадарыні Ады Райчонак.

Ваш каментар