ТБМ прэзентуе праект “Дыялог” у Лідзе
Прэзентацыя праекту ТБМ “Дыялог” пройдзе ў Лідзе Гродненскай вобласці 13 снежня.
У Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы выступіць намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
Алена Анісім:
“Праект прадугледжвае сустрэчы з вядомымі гісторыкамі, краязнаўцамі, фалькларыстамі і мовазнаўцамі. У першую чаргу мы зацікаўленыя ў тым, каб людзі пазнаёміліся са зменамі ў правапісе беларускай мовы, якія пачнуць дзейнічаць як закон з верасня 2010 году. Мы б хацелі, каб гэтыя змены, якія выклікаюць вельмі шмат пытанняў, сталі агульнавядомымі. Удзельнікі праекту таксама змогуць азнаёміцца з багаццямі беларускага фальклору, з асновамі традыцыйных нацыянальных рамёстваў, святамі беларускага народнага календара.
У рамках моладзевага дыскусійнага клуба будуць абмяркоўвацца розныя актуальныя праблемы, у тым ліку пытанні гістарычна-культурнай спадчыны. Усё гэта дапаможа людзям усвядоміць сябе менавіта беларусамі – носьбітамі традыцыйнай культуры карэннай нацыі краіны”, – паведамляе БелаПАН.
Распачнецца сустрэча-прэзентацыя ў 14.00 у канферэнц-залі.
Уваход вольны.
Бібліятэка знаходзіцца па адрасе: вул. Савецкая, 16.
Прэзентацыя адбудзецца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”