Беларусь на пути к белорусизации

Полтора десятилетия отечественные интеллектуалы гадают, когда же ждать (и ждать ли вообще) очередную белорусизацию, которая, как и две предыдущие (в 1920-х и конце 1980-х – начале 1990-х), должна вывести Беларусь на новую ступень развития, а белорусов – на новый уровень самосознания. Минувший 2009 год положил если не начало национализационному процессу, то уж точно констатировал прорыв в этом направлении. Тэкст цалкам.

Адзін каментар

  1. # 14 студзеня 2010 16:57
    Inna

    МАРКЕРЫ І ІМПУЛЬСЫ БЕЛАРУСІЗАЦЫІ

    Беларуская мова застаецца ў Беларусі адкрытым пытаннем, з якога выцякае шмат іншых. Сучасная сітуацыя, што несе на сабе адбітак посткаланіялізма, адначасова сведчыць пра тое, што нават кароткі перыяд беларусізацыі (1989 – 1994) быў імпульсам для пераацэнкі сябе ў нацыянальных міжкантэкстах і даў штуршок для вяртання да каранёў. Гэты зварот да каранёў, як і большасць культурных з’яў, не мае масавы характар, не ахоплівае ні ўсё, ні большасць насельніцтва, не ініцыяваны зверху, не падтрымліваецца ўладамі. Сягоння гэты працэс персаніфікуецца ў новую парадыгму. Многія радыкалы 90-х гадоў, змянілі тактыку, прыйшлі да простага рашэння – жыць сваё жыццё, проста быць беларусам. І хаця кожны, хто сёння проста беларус, гаворыць, што гэта цяжка, кожнае беларускае слова – і ёсць реальны ўнёсак. Праз мову праходзіць стратыфікацыйная мяжа свой – чужы, якая мае ў Беларусі спецыфічныя абрысы: рускую мову асноўная маса насельніцтва не лічыць чужой, беларуская заўсёды гучыць як трывожны сігнал.

    Дакументальна-мастацкі праект «Як я стаў беларусам»

    Дакументальна-мастацкі праект «Як я стаў беларусам», ініцыяваны сайтам budzma.org, які прадставіў гісторыі людзей, што ўсвядомілі сваю нацыянальнасць як ідэнтыфікатар, дапамагае зразумець на чым у сучаснай сітуацыі можна заснаваць падыходы да моўнай палітыкі.
    Напалову іранічнае выказванне: беларусамі не нараджаюцца – імі становяцца, адлюстроўвае беларускую рэальнасць, таму гэты праект пацвяржае думку, што для станаўлення нацыянальнай ідэнтычнасці неабходна ствараць умовы, ён дае магчымасць прааналізаваць прычыны і імпульсы, якія садзейнічаюць усталяванню межаў паміж ідэнтычнасцю савецкай і ўласна-нацыянальнай. Практычна ўсе ягоныя ўдзельнікі прыйшлі да самаўсведамлення самастойна, рэдка гэта здарылася ў дзіцячым або падлеткавым узросце. Для адных пераход быў натуральным, для іншых – цяжкім пераадоленнем і ломкой стэрэатыпаў: грамадскіх, сямейных, школьных. Некаторыя рэспандэнты гавораць аб адкрыцці роднай мовы як «новай планеты», некаторыя прыйшлі да мовы з пазіцыі «анты», пачаўшы з непрыняцця і адмаўлення.

    Ўсведамленне нацыянальнасці. Імпульсы

    Прааналізаваўшы адказы ўдзельнікаў праекта «Як я стаў беларусам» (прааналізаваны адказы за першую палову 2009 г.), можна вылучыць галоўныя імпульсы, якія вялі апытаных да нацыянальнага самаўсведамлення:
    1) Уплыў продкаў, з якімі яны жылі ў дзяцінстве ці бывалі на канікулах:
    (САЛАШ: 2009)
     «Мабыць, і вяртаньне да мовы адбылося для мяне проста і безбалесна – я яе чуў яшчэ ад бабулі немаўлём, і калі прамаўляў нейкі вершык на ўроку белліту ў Пячах у трэцяй клясе (адзіны год, калі я вывучаў мову празь літаратуру), я адчуваў, што гэта маё. Тады перад вачыма якраз паўставала бабуля ».
    (ЖАЛТКОЎ: 2009)
     «У нашай сям’і барацьба за душу малалетняга менчука ў першым пакаленні трывала з моманту, як я навучыўся чытаць. Народжаная ў Капыльскім раёне бабуля гаварыла з намі выключна па-беларуску, наракала ўвесь час маці, што “з маскалём пабралася” і ўвесь час старалася распавядаць мне пра вясковае жыццё”.
    (КУРС: 2009)
     «Я нарадзілася ў тыповай беларускй вёсцы, сярод людзей з натуральнай прастанароднай беларускай мовай. Найцікавайшай рэччу для мяне былі кнігі і прырода. І мае сямейнікі. У мяне была вельмі харызматычная бабка, якая па-беларуску гаварыла мудрэй за Коласа» .
    (АРЛОЎ: 2009)
     « Баба Жэня была маёй першай настаўніцай беларускай мовы і беларускай гісторыі. Дзякуючы бабулі, я пачаў разумець, што я – не проста савецкі хлопчык Вова. Што ў мяне ёсць іншая Радзіма – зямля, дзе гавораць на той мове, на якой гаворыць мая бабуля, тая зямля, на якой людзі пабудавалі Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. Усё гэта дрэнна стасавалася з песенькай, якая тады часта гучала з рэпрадуктараў: “Мой адрес – не дом и не улица, мой адрес – Советский Союз».

    2) Роля культурных уплываў, дзе ў першую чаргу названыя кнігі, у тым ліку падручнікі, якія выйшлі падчас постсавецкай беларусізацыі:
    (САЛАШ: 2009)
     «Мне больш важнымі падаюцца першыя пробліскі беларускасьці. Пачынаючы ад першай кнігі, прачытанай самастойна па-беларуску – “Людзей слухай, а свой розум май” – яшчэ ў годзе 1983-м, калі я жыў Пячах, і перачытанай годзе ў 1987 у Астраўцы, куды наша сям’я з ГДР прыехала на вакацыі да сваякоў. Былі і пошукі ў годзе 1985–1986-м кніг пра Беларусь у жаўнерскай бібліятэцы ў вайсковай частцы ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі). Тады я знайшоў нейкага беларускага пісьменьніка. Сёньня мне здаецца, што гэта быў Зьмітрок Бядуля».
    (ВАЛАБУЕЎ: 2009)
     «Я вучыўся ў школе па “бел-чырвона-белых” падручніках».
    (ОСІПАЎ: 2009)
     «Урэшце канчаткова паўплывала кніжка Леаніда Дайнекі “След ваўкалака” – я вырашыў, што я беларус».
    (ЖАЛТКОЎ: 2009)
     «Відаць, прысутнасць бабці і яе кпіны прымусілі маці набыць кніжачку Васіля Віткі і пачаць штовечар чытанкі перад сном казак і вершыкаў па-беларуску».
    (КУРС: 2009)
     «Было шмат нашых кніжак: Пысін, Караткевіч, Танк, Чорны ».

    3) Ролю сучаснай ім музыкі, беларускіх песень:
    (АРЛОЎ: 2009)
     «Калі я вучыўся ў 10-м класе, у наш горад прыехаў ансамбль “Песняры”. Тады ён яшчэ называўся “Лявоны”. Я быў прасунутым школьнікам, слухаў Beatles, Rolling Stones і даволі скептычна паставіўся спачатку да нейкіх там “Лявонаў”. Я пайшоў туды з сябрамі. Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў – у адным спяваліся беларускія песні, а ў другім — песні з рэпертуару “Бітлоў”. З гэтага канцэрту я ўжо вяртаўся іншым чалавекам. Два тыдні, напэўна, ува мне гучала “Александрына».
    (ГАРДЗЕЙЧЫК: 2009)
     «Менавіта знаёмства з рокерамі дала мне тую, пазарэз неабходную дозу беларускай культуры, сучаснай, злой, сьцёбнай, бяз “скоцкага сур’ёзу”, бяз скідак на “недаразьвітасьць”, якая памагла мне выстаяць. Не “рушнічочкі, васілёчкі”, а Сыс, Глёбус, Дубавец. Цяпер я сыходзіла на канцэрты NRM – і мне было шкада тых, хто застаецца. … Я знайшла сваіх герояў, якія сьпявалі для мяне й пра мяне».

    Песенны і музычны матэрыял – сродак не новы, які зарэкамендаваў сябе не аднойчы ў гісторыі, яго можна аднесці да традыцыйных адраджэнскіх сродкаў-імпульсаў. Беларускія (а таксама іншыя прыклады нацыянальных адраджэнцаў ў шырокім славянскім кантэксце) пісьменнікі, этнографы XIX – пачатку XX ст., звяртаючыся да фальклору і народнай песьні, прыходзілі да асэнсавання, і часта гэта спрыяла стварэнню новай класікі новага часу (Я. Купала «Бандароўна», «Магіла льва» і інш.) Беларускі песенны матэрыял, а часам песьні, якія ўжо сталі класікай, выконваюць ролю актыватара нацыянальнай свядомасці.
    4) Трэба адзначыць таксама бінарную ролю Чарнобыля (1986): нацыянальная трагедыя і секундарны імпульс да абнаўлення нацыянальнай свядомасці (перасяленне вялікай колькасці насельніцтва, у працэсе якога роля чарнобыльскіх перасяленцаў-вучняў, што «растварыліся» ў пачатковых і сярэдніх школах, стварыла ўмовы для абуджэння нацыянальнай свядомасці вучняў).
    (МІНЧОНАК: 2009)
     «Я 1983 году нараджэньня. Да чатырох год жыў у Серабранцы, потым ва Ўруччы, а потым у Малінаўцы. Цяпер зноў ва Ўруччы. Дарэчы, у нас на Малінаўцы было шмат перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны, у школе вучняў і настаўнікаў з “зоны” было больш, чым карэнных менчукоў. Пагарды да перасяленцаў не было. Мы нармальна разам тусаваліся. У мяне шмат сяброў было зь перасяленцаў. Таму давялося блізка пазнаёміцца з жыхарамі глыбінкі, пачуць ад іх гісторыі пра вясковае жыцьцё. Уласна, у гэтай школе клясе ў 7-й я канчаткова і зразумеў, што я беларус».

    Зерне мудрасці
    Удзельнікі праекта адзначаюць:
    1) станоўчую і адмоўную ролю школы і настаўнікаў, кажучы аб прафесіяналізме і непрафесіяналізме;
    2) станоўчую і адмоўную ролю савецкай арміі, дзе сустрэча з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў прывяла да ўсведамлення сябе як іншага:
    (САЛАШ: 2009)
     «Былі і размовы зь сябрамі-грузінамі, якія нявольна прымусілі мяне зразумець, што я ня ведаю роднай мовы».
    3) прычыны псіхалагічныя:
    (ВАЛАБУЕЎ: 2009)
     «Калі казаць рацыянальна, дык чыннікам было нежаданне маўчаць, калі бачыш нейкую несправядлівасць і яе энергічнасць. А “Белоруссия” – гэта несправядлівасць».
    4) выпадковыя сітуацыі, нечаканыя выпадкі, суб’ектыўныя ўражанні, напр., прыезд археалагічнай экспедыцыі ў родную вёску, чарнобыльскія перасяленцы-аднакласнікі, жаданне вылучыцца, атрыманне пашпарта.
    (ВІНАГРАДАЎ: 2009)
     « – Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так атрымалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу “нацыянальнасьць”, я ні секунды не вагаўся і адказаў: Беларус! ».
    Адразу ў цішы кабінету прагучаў кінематаграфічны, добра пастаўленым голасам крык маёй мамы: “Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!”».

    Вылучаныя прычыны (не заўсёды станоўчыя), што актывавалі мову, могуць легчы ў аснову сістэмы каштоўнасцей для распрацоўкі метадаў PR-тэхналогій, здольных дапамагчы рэінкарнаванню функцыянальнасці мовы.
    Вызначыўшы статус дзяржаўнасці дзвюх моў, Беларусь, у адрозненне ад суседзяў: прыбалтыйскіх рэспублік і Украіны, абрала іншую арыентацыю. Ўнутраныя беларускія плыні, хоць і ўспрымаліся як неўплывовыя, фактам сваёй культурнай прысутнасці ў агульнай сацыяльна-камунікатыўнай прасторы сталі штуршком да таго, каб дзяржаўная палітыка звярнулася да пытанняі нацыянальнай мовы. Запланаваная на 2010 г. рэформа, па сутнасці, будзе актам корпуснага планавання (нармалізацыі і ўдасканалення нормаў адной з афіцыйных моў, яна закране правапіс і часткова структурныя марфалагічныя кампаненты). Ва ўмовах транскамунікацыі рэалізацыя акта корпуснага планавання не прынясе поспехаў, пакуль у дзеянне не будзе запушчаны механізм статуснага планавання, асноўнай мэтай якога павінна стаць рэінкарнаванне мовы як роднай. Пры багацці моўных формаў, высокім узроўні адукацыі беларускага насельніцтва, неабходны перавод нацыянальнай мовы з вобласці псіхалагічнага адстранення ў вобласць практычнага прымянення. Гэты перавод немагчыма рэалізаваць толькі праз рэформу правапісу, рэформа павінна праводзіцца ў кантэксце стварэння дзяржавай пэўных умоў, г.зн. сумяшчаць корпуснае і статуснае планаванне.
    Кожнай мадэлі моўнай палітыкі павінны адпавядаць сродкі, г.зн. інструментарый. Інструментарый пачатку ХХI ст. не можа абмяжоўвацца падыходамі, прапанаванымі ў ХХ ст.: роля асобных індывідаў, сістэма заахвочванняў і пакаранняў – успрымаецца, як правіла, неадназначна: Паводле Э. Хаугена: «Асобныя індывіды таксама маюць значную вагу, якая вызначаецца выключна асабістым і прафесійным аўтарытэтам. Тыя, каму гэта не падабаецца, называюць меркаванне гэтых асоб «аўтарытарным», а каму падабаецца, аддаюць перавагу слову «аўтарытэтны».
    Новы дыскурс дыктуе новыя спосабы паводзін, моўная палітыка новага часу павінна арыентавацца на мінімалізацыю дыскамфортнага або агрэсіўнага супрацьстаяння, укараненне інавацый, якія могуць спрыяць меньш балючай ампутацыі элементаў савецкай матрыцы. Моўная палітыка павінна асвойваць і ўкараняць новыя падыходы, як рэклама, PR-тэхналогіі, інавацыі, што ўспрымае маладая генерацыя, а таксама правераныя практыкай, традыцыйныя методыкі навучання, арыентацыю на вынік, сістэму заахвочванняў, стварэнне неагрэсіўнага / талерантнага канкурэнтаздольнага асяроддзя, правядзенне святаў, акцый, якія базуюцца на ментальным мысленні (па В. Акудовічу: нарошчванне астральнага цела нацыі), выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій і пашырэнне нацыянальнага інфармацыйнага поля.

    Іна Каліта
    навуковы супрацоўнік кафедры багемісыкі і славістыкі
    Універсітэт Я. Э. Пуркіне, Усці на Лабе, Чэхія

Ваш каментар