Шведы пра Беларусь: расійцы, гарэлка і Гітлер
Шведскія беларусы правялі сацыялагічнае апытанне сярод шведаў з мэтай даведацца аб іх стаўленні да Беларусі. Вынікі даследавання шакавалі нават арганізатараў. “Расія”, “гарэлка” і “халодна” — гэтыя словы прыходзяць да галавы шведу, калі ён чуе назву нашай краіны.
Не “Vitryssland”, а “Belarus”

Сёлетняе апытанне стала лагічным працягам грамадска-палітычнай кампаніі, распачатай у мінулым годзе. Тады беларускі музыка шведскага гурта Dreamgale Майк Сэндэр (Michael Sender) выступіў з ініцыятывай дамагчыся афіцыйнай змены назвы Беларусі ў Швецыі.
Рэч у тым, што сёння “Трэ крунур” называюць Сінявокую не “Belarus”, а па-старому — “Vitryssland”, што даслоўна перакладаецца як «Белая Расія”.
“Самыя распаўсюджаныя пытанні ад людзей, якія не маюць дачынення да беларускай праблематыкі: ці знаходзіцца Беларусь па-за Уральскімі гарамі ці перад і колькі разоў я ездзіў па Транссібірскай магістралі. Калі я пачынаю тлумачыць, што мая радзіма ад яе нашмат далей, чым Швецыя, яны проста не разумеюць”, — распавядаў карэспандэнту TUT.BY журналіст і літаратар Дзмітры Плакс, які жыве ў Швецыі больш за дзесяць год.
Грамадзянскую кампанію «За Belarus», арганізаваную прадстаўнікамі беларускай дыяспары, падтрымалі шведскія палітыкі, якія лічаць гэта надзвычай важным для ўмацавання незалежнасці Беларусі і ўспрымання краіны без шлейфа савецкага мінулага. Цікава, што «За Belarus» выказаўся і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, а вось пасольства Беларусі ў Швецыі яе праігнаравала.
Якія вынікі акцыі? У кастрычніку 2009-га Шведская акадэмія пастанавіла, што ў наступным выданні акадэмічнага слоўніка будзе ўжываць прыметнік “belarusisk” (“беларускі”) замест “vitrysk”. А вось назва краіны пакуль застаецца ранейшай — “Vitryssland”.