Андрэй Мялешка: «У Беларусі галоўнае – людзі»

mialeska

– Думкі пра нацыянальную ідэю зачапілі мяне ў дзяцінстве, калі гадаваўся ў бабулі з дзядулем у вёсцы на Ваўкавышчыне. Там я адчуў сябе іншым. Асабліва пасля пераездаў з вёскі ў Горадню. У вёсцы мне ўвесь час казалі, што я ёсць палякам. А другая бабуля, што прыехала да нас з Магілёўшчыны, казала мне пра Беларусь, і што мы беларусы. Вось у такіх складаных варунках для выбару давялося мне гадавацца ў дзяцінстве. Я 1975 году нараджэння.

Магілёўская бабуля апавядала розныя гісторыі з часу вайны і перадваеннага часу. Але да беларушчыны як такой я дайшоў іншым шляхам, гэта адбылося толькі дзесьці ў 1993-1994 гадах, калі мне было 17-18 гадоў. У аповедах пра вайну было шмат пра партызанаў, пра немцаў і пра нянавісць. У бабулі ў пачатку вайны было ўжо трое дзяцей, і яна працавала настаўніцай нават пры немцах, калі адкрылі беларускія школкі. А я да беларушчыны дайшоў праз краязнаўства, праз любоў да роднага краю.

Можна сказаць, што своеасаблівым тумблерам сталася прэзентацыя кніжкі «Кронан» у 1993-м годзе. Гэта была кніга па гісторыі Горадні, якую напісалі супольна гісторыкі Вячаслаў Швед і Алесь Госцеў. На сённяшні момант гэтая кніжка можа падацца вельмі простаю рэччу, а тады кніжка па гісторыі гораду, напісаная беларускай мовай, сталася проста штуршком. Нават не сама кніжка, а знаёмства з людзьмі, што яе напісалі.

Мяне на прэзентацыю запрасіла мая выкладчыца па гісторыі, у той час я вучыўся ў Гарадзенскім хімічна-тэхналагічным тэхнікуме. Гэтай выкладчыцай была жонка гарадзенскага гісторыка Вячаслава Шведа. Там, на прэзентацыі, я пазнаёміўся з гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі.

Мяне ўразіла, што гэтыя гісторыкі трымаюцца свайго, беларускага. Для мяне таксама гэта ўсё – роднае: гэты край, гэтая мова, гэтая культура, гісторыя і людзі… Галоўнае ў Беларусі – гэта людзі, якіх шмат што яднае… мова, культура, гісторыя і краіна. Краіна, канечне, у апошнюю чаргу. Людзі ў гэтай краіне пад назвай Беларусь – гэта галоўнае.

***

Андрэй Мялешка, Горадня, краязнаўца

Аб праекце «Як я стаў беларусам»

Адзін каментар

  1. # 26 снежня 2011 18:32
    Николай

    Ищу репетитора белорусского языка по скайпу или просто людей, которые помогут в освоении языка. Люди, помогите! Предложения пишите на почту undeground-87@yandex.ru. Сам белорус, но родился в России и очень хочу выучить белорусский

Ваш каментар