Мікола Аўрамчык: “Коласу спадабаўся мой верш – і ён перадаў яго Купалу…”
Гутарка з 90-гадовым паэтам Міколам Аўрамчыкам, старэйшынам беларускай літаратуры.

Мікола Аўрамчык. 1938 год, Менск, курсы пры Саюзе пісьменьнікаў для творчай моладзі з рэгіёнаў
У літаратуру яго ўвёў Якуб Колас, Кузьма Чорны пісаў вясковаму школьніку Міколу рэцэнзіі на першыя апавяданні, са Змітраком Бядулем ён разам выступаў на вечарыне, лепшым сябрам быў Пімен Панчанка… Выдатнаму беларускаму паэту Міколу Аўрамчыку споўнілася 90 гадоў!
…Так павялося, што журналісты пытаюць у доўгажыхароў (а ў нашых шыротах 90 – гэта ўжо доўга) пра сакрэты захавання формы, што баліць/не баліць і г.д. І я, прызнаюся, хацеў між іншым запытаць тое ў Міколы Якаўлевіча. Але, пабачыўшы на парозе энергічнага, вясёлага, рухавага (так і падмывае сказаць – “маладога”) гаспадара, забыўся пра гэта. Так і не згадаўшы да канца нашай шматгадзіннай размовы. Цяжка верыцца, што чалавек, у якога так блішчаць вочы, такі светлы розум і цвёрдая памяць – старэйшына нашай літаратуры.