Бардаўская восень 2010. Заяўка на ўдзел у адборачным канцэрце

«Бардаўская восень» – фэст, арганізаваны звязам беларускай моладзі, які імкнецца адлюстраваць сучасны актуальны стан беларускай аўтарскай песні ва ўсіх яе праявах, спалучаючы ў сабе шмат стылістычных накіраванасцяў. Сярод удзельнікаў фестывалю апошніх гадоў як класічныя барды, так і блюзмэны, рок-гурты ў акустычным варыянце, фольк-рок выканаўцы і шмат якія праявы сучаснай акустычнай беларускай музыкі (Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі ды акустычны НРМ, Аляксандр Памідораў, Босае Сонца, Кася Камоцкая, праект Народны альбом і г.д.).

У 2010 годзе «Бардаўская восень» пройдзе 17 раз. Але перад самім фестывалем, што адбудзецца ў Бельску і Беластоку (Польшча) у кастрычніку, напрыканцы верасня ў Менску пройдзе адборачны канцэрт на конкурсную праграму фэста. Конкурсная праграма “Бардаўскай восені” дае магчымасць кожнаму маладому выканаўцу праявіць сябе, зрабіць свой унёсак у развіццё аўтарскай песні Беларусі, зграўшы на адной сцэне з заслужанымі, сталымі беларускімі музыкамі.
Узяць удзел у адборы на конкурсную праграму “Бардаўскай восені” можа кожны выканаўца, альбо акустычны гурт, які выконвае аўтарскую беларускамоўную музыку. Для ўдзелу неабходна даслаць заяўку і свае дэма-запісы на паштовую скрыню wosien@tut.by не пазней за 10 верасня.
Па выніках адборачнага канцэрту лепшыя трапяць у Польшчу на сам фестываль і пазмагаюцца за гран-пры “Бардаўскай восені 2010”.
Аднаго з удзельнікаў конкурснай праграмы фестывалю абяруць у гэтым годзе наведвальнікі інфармацыйнага партнэра фестывалю – музычнага парталу “Тузін гітоў”, дзе будзе зарганізаваны гіт-парад “Бардаўскай восені”. Там жа вы можаце заўжды знайсці свежую інфармацыю датычную фестывальных падзеяў.