Алег Хаменка прадставіў “Казачную акустыку” (фотарэпартаж)

Лідар гурта “Палац” засведчыў, што ён не толькі таленавіты музыка, але яшчэ і выдатны апавядальнік і актор. Алег Хаменка пры падтрымцы музыкаў з “Палаца” прадставіў у кавярні “Містраль” канцэрт-спектакль “Казачная акустыка”.

“Казачная акустыка” – даўні праект Алега Хаменкі. Пачаўся ён з таго, што музыка пачуў неяк казку пра салдата-лекара і вельмі ёй зацікавіўся. Збіраючы казкі, Алег сутыкнуўся з некалькімі яе інтэрпрэтацыямі, у розных мясцовасцях расказвалі яе па-свойму. Тады музыка вырашыў аб’яднаць усе пачутыя варыянты ў адзін аповед, каб стварыць найбольш поўную версію ды паказаць яе на сцэне разам з музыкамі з “Палаца”.

“У гэтай казцы хаваецца вельмі цікавая народная філасофія, таму і захацелася яе расказаць людзям”, – так патлумачыў перад прэм’ерай Алег Хаменка.

Пасля паказу абавязковага для прагляду мультфільма “Будзьма беларусамі!” дзея пачалася. Хаменка асаблівай прамовы вырашыў не рабіць: “Не думаў, што нешта буду гаварыць, але вось пачаў. Хопіць, усё!” – гэтак ён прывітаўся з гледачамі і даў каманду музыкам граць.

У “Казачнай акустыцы” лідар “Палаца” выступае ў даволі нязвыклай ролі. Тут ён хутчэй актор, чым музыка, які зачароўвае сваім аповедам. Яго казка – падарожжа ў трансцэндэнтнае. Герой аповеду – звычайны салдат, які адслужыў ды вяртаецца дамоў, але па дарозе трапляе проста ў фантастычныя гісторыі, апынаецца ў царскім палацы, а потым трапляе да Смерці, падпісаўшы з ёй пагадненне, а ратуючыся ад яе, даходзіць да Бога… Атрымалася такая фольк-рок-прыпавесць. Фактычна Хаменка расказаў сцэнар імавернага фільма, вартага экранізацыі Бёртана ці Тыквера. Ці, прынамсі, пастаноўкі ў Купалаўскім. “Хацелася б сапраўды развіць гэты праект, спалучыць яго, напрыклад, з пантамімай, больш развіць у музычным плане, паказаць на вялікай пляцоўцы”, – кажа Алег Хаменка.

Тых, хто прыйшоў паслухаць казку, чакаў сюрпрыз. У другім аддзяленні імпрэзы гурт “Палац” зайграў свае найлепшыя песні. “Чужыя дзеўкі”, “Кола грукатала”, “Ластаўка”… А скончылі “Заінькам”, нагадаўшы, што зусім хутка Каляды.

Мікалай Дубавіцкі, фота Настассі Міхейчык

Адзін каментар

  1. # 07 лістапада 2011 12:51
    Сяргей

    Ёсць патрэба арганізаваць “Казачную акустыку” у Магілёве. Як мы можам гэта зрабіць?

Ваш каментар