Чаму інвестары не скупляюць шляхецкія сядзібы?

З пачатку года Міністэрства культуры Беларусі запусціла інавацыйную праграму, якая павінна надаць другое жыццё занядбаным шляхецкім сядзібам ды паспрыяць развіццю ў краіне агратурызму. Мінула амаль восем месяцаў, але вынікаў практычна ніякіх.
Унутраныя інвестыцыі не цякуць
Размовы аб пошуках новых крыніцаў фінансавання гісторыка-культурных помнікаў, сотні з якіх гібеюць па ўсёй краіне, з’явіліся з прыходам на пасаду міністра культуры Паўла Латушкі.
Зжыўшыся з пастаянным бракам бюджэтных грошай, дзяржаўныя мужы пачалі шукаць альтэрнатыўныя сродкі фінансавання.
Справа ў тым, што паводле Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ад 9 студзеня 2006 года ўласнікамі гiсторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Беларусі могуць быць як дзяржава, гэтак і “юрыдычныя i фiзiчныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі”. Тым не менш унутраныя інвестыцыі зусім не цякуць ракой.
За апошнія гады вядома ўсяго некалькі выпадкаў, калі прыватны ўласнік набываў ці атрымліваў былыя шляхецкія сядзібы і палацы. Прычым ледзь не кожны такі выпадак — “хаджэнне па пакутах”. Характэрны прыклад — сітуацыя з палацава-паркавым комплексам XVIII у Свяцку на Гродзеншчыне, які мясцовыя ўлады двойчы выстаўлялі на аўкцыён, аднак ахвочых набыць яго не знайшлося. Урэшце палац Валовічаў адышоў на баланс санаторыя Нацбанка ААТ “Азёрны”, які перад гэтым неаднаразова абвяргаў падобныя намеры.