Іван Кірчук: “Я толькі вучуся спяваць”. Этна-трыа “Троіца” прэзентавала “Зімачку”

tr1

Этна-трыа “Троіца” прадставіла ў Малой залі КЗ “Мінск” свой новы дыск “Зімачка” – самы складаны і дарагі альбом у сваёй дыскаграфіі. Багацце студыйнага гучання музыкі паспрабавалі перадаць ужывую, таму кожны з іх вымушаны быў практычна жангляваць рознымі інструментамі, а Кірчук падчас гэтага яшчэ схітраўся і спяваць.

У Малой залі КЗ “Мінск” перааншлаг. Арганізатар Павал Кашырын намагаецца ўціснуць усіх ахвотных і сноўдае туды-сюды з крэсламі ў руках. Неяк яму гэта ўдалося, некаторыя гледачы расселіся проста на падлозе. З грымёркі ў залю перыядычна выглядае Іван Кірчук, бачна, што лідар “Троіцы” трохі хвалюецца – канцэрт затрымліваецца на паўгадзіны. Урэшце пасля нясмелых апладысментаў-запрашэнняў этна-трыа выходзіць на сцэну, каб упершыню зайграць усе творы з свайго шостага альбома “Зімачка”, запісанага ў Варшаве.

cd_zimchka_lico

Кірчук займае месца на крэсле пасярод сцэны, як заўжды, у атачэнні дзясятка інструментаў. Юры Паўлоўскі сядае за сваю барабанную ўстаноўку, абстаўленую і абвешаную ўсялякімі музычнымі дэвайсамі. Юры Дзмітрыеў праціскваецца справа сярод гітараў. Музыкі пахваліліся, што падчас працы над “Зімачкай” прапісалі замест звычайных пяці ажно 420 трэкаў, з якіх склалі 9 песняў. Багацце гучання яны і паспрабавалі перадаць ужывую, таму кожны з іх вымушаны быў практычна жангляваць рознымі інструментамі, а Кірчук падчас гэтага яшчэ схітраўся і спяваць.

Творы з “Зімачкі” выконвалі не ў альбомным парадку – так было прасцей для жывога выступу. Часам адзін твор плаўна пераходзіць у другі, таму Іван Іванавіч прадстаўляе іх па парах: “Песня пра тое, як Мар’я ганяла гусей, то бок хлопцаў. І як вынік гэтых гульбішчаў – калыханка”. Часам прадстаўленні песняў ператвараліся ў міні-лекцыі. “Ат, беларусы хітрыя былі, спяваць любілі заўжды, так што ў нас нават паставыя песні ёсць, хоць у пост спяваць не прынята”, – апавядае ён, а потым прадстаўляе чарговую кампазіцыю: “Гэта цяпер ледзь не на наступны дзень пасля вяселля дзеці вяртаюцца да сваіх бацькоў па грошы ці прадукты, а даўней было так, што дзяўчына пасля вяселля больш ніколі не бачыла маці. Сваёй сям’ёй займалася”, – пасміхаючыся расказвае Кірчук пра сумную вясельную песню “Дабранач, мамка”. Падзякі за цудоўнае і пранізлівае выкананне народных твораў ён прымае са сціпласцю: “Дзякуй нашым продкам за тое, што яны спявалі такія песні”. Свае спевы лідар “Троіцы” называе стылізацыяй і прызнаецца, што дагэтуль вучыцца спяваць, як тое рабілі даўней.

tr2

На прэзентацыі новага альбома этна-трыа не спыняецца: “Трэба ж і па старых песнях прайсціся”, – заўважае Кірчук, чым выклікае агульную радасць у залі. “Бабулькі цяпер кажуць, што ў іх час здрадаў не было. А мы знайшлі песню, у якой пяецца пра здраду. Будзем ганяць шэльму, каб у Беларусі разводаў не было”, – пад агульны смех кажа спявак. Былі і сумныя моманты, напрыклад, выкананне “Трох янгалаў”, што колісь пяялі ў вёсцы, якой ужо не існуе, бо яна трапіла ў зону адсялення. “Троіцы” ёсць чым ганарыцца: цудоўны анімацыйны кліп на гэтую кампазіцыю ў іх на сайце прагледзелі ўжо больш за 50 000 разоў.

tr3

Пры канцы музыкі сказалі цёплыя словы спонсарам – страўні “Камяніца” і парфумернай фабрыцы “Сонца”, дзякуючы якім з’ездзілі ў тую Варшаву і запісалі сваю чароўную “Зімачку”. За тыя ж сродкі ў Беларусі яны маглі запісаць два, а то і тры альбомы, але надта карцела ім увасобіць усе свае ідэі напоўніцу.

tr4

Трэк-ліст альбому:

1. зімачка 6:18
2. мар’я 6:37
3. козка 6:14
4. котка 6:10
5. казачэ 6:58
6. родзе 4:47
7. як з двара… 6:32
8. дабранач 7:36
9. сонца коціцца 9:58

(с) фота — Еўрарадыё

Ваш каментар