Кніга году 2008 па версіі «Нашай Нівы»

Беларуская літаратура заложна ўрастае ў сусветную, а тая, рашуча прашыўшы моўныя перапоны, ужываецца ў тканку беларускай. Сёлетнюю дзесятку найлепшых узначальвае кніга перакладаў замежнай паэзіі.

Сёлета выйшла шмат якаснай літаратуры. Як адзначыла пісьменніца Людміла Рублеўская: «Пачала згадваць цікавыя выданні 2008 году — спісала цэлую старонку, і з прыкрасцю зразумела, што выбіраць давядзецца найлепшае з такога ж найлепшага. У запаветную «дзясятку» не далося пісаць ніводнага навукова‑папулярнага выдання ці альбому кшталту «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства» — столькі сёлета выдатнай паэзіі і прозы».

Са свайго боку гісторык з Гродна Андрэй Чарнякевіч уважае, што «гэта быў цалкам неблагі — як на цяперашнюю рэчаіснасць — год для гістарычнай кнігі».

Літаратуры за год выйшла так шмат, што амаль ніхто з экспертаў не ўспомніў кніг, якія пабачылі свет у першай палове 2008: выдатную «Цацачную краму» Леаніда Дранько‑Майсюка, паэтычны зборнік «Дзевяностыя forever» Сяргея Прылуцкага і кнігу вершаў Пятра Васючэнкі «Піраміда Лінея».

З іншага боку, безумоўна вартыя, але выдадзеныя ў лістападзе—студзені «Мой шыбалет» Пятра Садоўскага, «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца і іранічна‑хуліганскі «Сабака» Юрася Пацюпы, проста не ўправіліся трапіць на чытацкае вока.

Стуль выспявае парада: хто хоча трапіць у шорт‑лісты, мусіць выдавацца пры канцы лета — на пачатку восені. І пажадана, у недзяржаўных выдавецтвах.

Напрыклад, у нядаўна створаным выдавецтве «Галіяфы», што цягам году здзейсніла шэраг удалых праектаў, або ў «Лімарыусе», што на радасць аматарам тутэйшага працягваў сваю ціхую экспансію. Ці ў па‑ранейшаму непахіснага «Логвінава». Дарэчы, другі год запар «Логвінаў» — выдавецтва году, хіба што сёлета вымушана падзяліць першынство з гродзенска‑вроцлаўскім выдавецкім праектам.

Дзяржаўныя выдавецтвы? Яны, здаецца, настала адмовіліся адкрываць новыя імёны ды ўвогуле ўплываць на сучасны літаратурны працэс. Не хацелася б, але ўжо, пэўна, вымалёўваецца ніша для дзяржаўных выдавецтваў — хлебнае, але нейкае такое бязвольнае перавыдаванне беларускай класікі і выпуск календароў ды даведачнай літаратуры.

У спісах найлепшых кніг як няма леташняга разнабою, дык заўважаецца прынамсі доўгачаканая разнастайнасць жанраў. У спісах экспертамі незабытыя — паэзія (зборнікі Галіны Дубянецкай, Валянціны Аксак, Андрэя Хадановіча і Рыгора Барадуліна), дзіцячая літаратура — шведская дзяўчынка Піпі разам з вадзянікамі і дамавікамі з энцыклапедыі «Чароўны свет» глядзяцца побач з дарослымі кнігамі як найменей дарэчы. Як заўсёды багата прэзентавана эсэістыка (Данута Бічэль).

У спісы цалкам заслужана ўвайшоў таксама плён шматгадовае працы Юр’я Гардзеева — «Магдэбургская Гародня». Лішне вытлумачваць папулярнасць кніг, прысвечаных Васілю Быкаву. Чытаць цалкам.

Ваш каментар