На фестываль «Можна!» у Маскву паехаў цэлы аўтобус беларускіх музыкаў

Прэс-рэлізы гавораць — каб паказаць там «беларускую актуальную музыку», але, як высветліла Еўрарадыё, сапраўдныя планы — «пабачыць Троіцкага з жонкай, папаліць праполіс, патанчыць голымі, «нахрукацца» і заразіць усіх «свіным грыпам». І за гэта арганізатар Папа Бо збіраецца атрымаць тытул «шоў-алігарха году».

Еўрарадыё адправілася на вакзал “Дружная” позна ўвечары 5 лістапада, а 22:30, каб праводзіць у Маскву аўтобус з беларускімі музыкамі. Спачатку мы сустрэлі Аляксандра Багданава (Папу Бо) — галоўнага арганізатара другога па ліку фестывалю «Можна!» ў Маскве. Папа Бо цярпліва збіраў усіх музыкаў і рассаджваў іх па аўтобусе:

«У гэты раз едзе значна больш каманд, — сказаў Аляксандр Багданаў ў інтэрв’ю Еўрарадыё. — З новых гэта Botanic Project, Нагуаль, Пукст і Pukstband, RockerJocker і CherryVata, якія я зараз таксама прадзюсірую. Выступаць будзем на двух танцпляцах у клубе “Ікра”.

З маскоўскіх VIP-гасцей, якіх Багданаў запрасіў гэтым разам на фестываль, можна будзе пабачыць вядомых дзеячаў:  “Прыйдзе Арцемій Троіцкі з жонкай, прыйдзе Алег Несцераў. Прыйдуць арт-дырэктары амаль усіх маскоўскіх клубаў, будзе шмат рэжысёраў кіно і тэатра”.

Нагадаем, па слядах першага фестывалю “Можна!” ў Маскве Аляксандр Багданаў атрымаў ад Арцемія Троіцкага тытул “лепшага дзеяча году”. На гэты раз Бо чакае іншую намінацыю — “Шоў-алігарх году”.

Пажадаем яму поспехаў, а самі пераключымся на музыкаў. Першае, што кінулася ў вочы, гэта што ніхто з іх не прыйшоў на вакзал у марлевых павязках.

“А ў нас бобамарлевыя павязкі! Ведаеце, дапамагае!” — сказалі Botanic Project.

“А ўва мне прыблізна 150 грамаў часныку. Не баюся”, — дадаў Міхей з RockerJoker.

“Я веру ў Божы промысел, і калі павінна забалець — значыць, павінна забалець і памерці неадкладна”, — сказала Беня з Серебряной Свадьбы.

“Дык крута! Заразімся свіным грыпам, прывязем яго сюды і заразім усю Беларусь!” — спадзяемся, што пажартавалі Аддзіс Абеба.

Але ўсе кропкі над “і” расставіў Нагуаль: “Мы і так ужо рохкаем, «нахрукаліся» то бок — так што нам не да грыпу!”.

З планамі на грып разабраліся, цяпер можна спытаць крыху і пра музыку (самі ведаеце, у цяперашні час неэтычна іншым тэмам адводзіць больш увагі, чым грыпу).

Такім чынам, Сяргей Пукст, ледзь не самы сталы ўдзельнік каманды беларускіх актуальных музыкаў, ужо ў аўтобусе пачаў адчуваць “кагнітыўны дысананс” ад таго, што на выступленне адведзена мала часу:

“Выступленне толькі 40 хвілінаў будзе, а гэта абы-што. Я ж люблю пагаварыць, а тут трэба будзе выбіраць — ці спяваць, ці гаварыць. Думаю, трэба будзе спець, не Петрасяна ж масквічы чакаюць, а Пукста”.

Нагуаль спецыяльна для Масквы падрыхтавалі цэлы заплечнік праполісу:

“У нас спецыяльная праграма, якая называецца «Мега-эйфарычны балотны этна-панк». Можна будзе танцаваць голымі і паліць праполісныя палачкі. Мы іх збіраемся ў Маскве прадаваць замест нашых дыскаў”, — сказаў Леанід Паўлёнак, вакаліст і мультыінструменталіст Нагуаля.

Міхей, які разам з Максімам Серым прадставіць новы праект RockerJoker, расказаў, што будзе “можна” падчас іх выступлення:

“Па-першае, абрадавацца, што рэанімаваны намі традыцыйны рускі заліхвацкі песенны падыход да справы. Па-другое, выпіць, і па-трэцяе, крыху паказытаць сабе мозг і наскакацца ўволю”.

Klim з Botanic Project сказаў, што на фестывалі дазволяць сабе паэксперыментаваць:

“Мы будзем працаваць з музыкамі: Пеця Марцінкевіч — труба і Саша Грыгор’еў — гітара. Праграма будзе на хвілін 50, мы адабралі пад яе самыя магутныя, паводле нашага меркавання, песні. Будзе скрэтчынг, будуць эфекты дабавыя, будзе жывая музыка, будзе магутнае выкананне. А спецыяльна для Масквы будзе песня “Путь”, якую мы заспяваем з маскоўскім рэгі-гуртом Каникулы Бонифация”, — сказаў Klim.

Аддзіс Абеба таксама плануе зайграць з маскоўскімі музыкамі:

“Гера Маралес можа прыйдзе зноў паспяваць з намі. Яшчэ мы запросім Аркадзя — гэта такі маскоўскі рэпер, таксама можа паспявае з намі”, — сказаў Зміцер Іваноў, вакаліст Аддзіс Абеба.

А вось Порт Моне ніякіх спецыяльных песняў і праграмаў для фестывалю не хоча:

“Маскоўская публіка яшчэ не зусім знаёмая з творчасцю гурта Порт Моне, нас ведае вельмі малая колькасць людзей. Таму я спадзяюся пабачыць там новыя твары — вось гэта мне важна. А неяк здзіўляць, інтрыгаваць і забаўляць мне не цікава”, — сказаў Аляксей Варсоба, акардэаніст Порт Моне.

Яшчэ да двух калектываў — CherryVata і Кассиопея — Еўрарадыё, нажаль, не паспела дабрацца з мікрафонам, бо аўтобус тэрмінова ад’язжаў у Маскву. Але пра гэтыя гурты і ўсё, што адбываецца на фестывалі “Можна!”, вы зможаце пачуць ў вечаровым эфіры Еўрарадыё 6 лістапада з 20.00 па 24.00. А таксама на нашай інтэрнэт-старонцы, дзе інфармацыя будзе з’яўляцца ў рэжыме онлайн.

Расклад фэсту актуальнай беларускай музыкі «Можна!» — клуб “Ікра”, Масква, 6 лістапада:

Ніжні танцпляц:
19.30 – 20.10 RockerJoker
20.20 – 21.10 Botanic Project
21.20 – 22.00 PortMone
22.10 – 23.00 Кассиопея

Верхні танцпляц:
19.30 – 20.10 Сяргей Пукст і Pukstband
20.20 – 21.00 Петля Пристрастия
21.10 – 21.50 Нагуаль
22.00 – 23.00 Аддзіс Абеба
23.10 – 23.50 CherryVata
00.00 – 01.00 кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба»

Ваш каментар