“Па якім мяняеце курсе?”: Андрэй Хадановіч адкрыў свой “Абменнік” (+mp3)
Мы прэзентуем упершыню для свабоднага запампоўвання аўдыёдыск паэта Андрэя Хадановіча “Абменнік”, які пабачыў свет у 2007 годзе і ўжо амаль адсутнічае на паліцах крамаў. У складанку ўвайшлі як вершы самога Андрэя Хадановіча, так і творы пяці знакамітых замежных паэтаў, перакладзеных ім на беларускую мову. Усяго кружэлка змяшчае 35 вершаў, агульная працягласць гучання складае 44 хвіліны.
Мы задалі Андрэю Хадановічу некалькі пытанняў пра дыск, які прэзентуем сёння.
Сцяпан Панаеў: Андрэю, дыску ўжо амаль 4 гады, ці не страцілі паасобныя творы на ім і ўся канцэпцыя актуальнасць?
Андрэй Хадановіч: Трэба сказаць, што самому аўтару зрэдку (недзе раз на год) бывае прыемна гэты дыск паслухаць. Штось падабаецца болей, штось меней, штосьці, зразумела, раздражняе (цяпер бы напісаў, пераклаў і прачытаў іначай), а нешта здзіўляе нейкімі новымі, нябачнымі 4 гады таму сэнсамі. Некаторыя з гэтых вершаў – як уласных, так і перакладаў – я чытаю на выступах, і, здаецца, аўдыторыя ўспрымае іх добра, прынамсі, цярпіць. Адказнасць за дыск я дзялю разам з Дзімам Дзмітрыевым. Ён прыдумаў канцэпцыю, зрабіў аранжыроўкі, якія падкрэсліваюць сэнсы, расстаўляюць акцэнты, а дзе-нідзе ствараюць кантраст. Дзіма сам паэт і ўважліва ставіцца да паэтычнага тэксту, таму я часам зайздрошчу таму чалавеку, які чытае вершы на дыску “Абменнік” з густоўнай аранжыроўкай Дзмітрыева. Не мне ацэньваць уласныя тэксты, але што датычыць іх музычнага афармлення, а таксама самой ідэі аўдыёвершаў з аранжыроўкай – усё гэта адназначна актуальна і сёння.
С.П.: Чым Вы кіраваліся, выбіраючы вершы і пераклады для дыска?
А.Х.: Паасобныя тэксты на дыску маглі б быць іншымі, але магу сказаць, што пераклады былі б з тых самых пяці моваў (шостай магла б стаць грузінская). Пяць прадстаўленых на дыску аўтараў – гэта адны з самых любімых мною паэтаў. Да таго ж, мне хацелася, каб на дыску былі аўтары з розных эпохаў – ад Джона Дона (сямнаццатае стагоддзе) да жывых Юрыя Андруховіча і Альвідаса Шляпікаса. Хацелася, каб не было аднастайнасці, каб былі як традыцыйна (пажадана віртуозна) рыфмаваныя вершы, так і верлібры, бо яны патрабуюць рознай працы ад перакладчыка, а потым вельмі па-рознаму слухаюцца. Да таго ж, дыск складзены так, каб пераклады з прадстаўленых паэтаў у нечым перагукаліся з маімі ўласнымі тэкстамі.
С.П.: У дыска ёсць нейкая адметнасць? Штосьці, па чым яго можна пазнаць?
А.Х: Калі параўноўваць з маім другім дыскам, з “Несіметрычнымі снамі” (неўзабаве таксама з’явіцца на нашым сайце – Б.Р.), дзе ёсць, скажам, рэпападобныя тэксты, якія могуць выйграць ад аўтарскага чытання ўголас, дык тут, на “Абменніку”, тэксты збольшага лірычныя. Гэта больш класічны, больш камерны зборнік. Тут у асноўным сабраныя вершы, якім найбольш утульна было б на паперы. Таму, як на мяне, гэты матэрыял патрабаваў не абы-якіх высілкаў ад Дзімы Дзмітрыева, але ён бліскуча справіўся.
С.П.: З 2007 года беларускі рубель перажыў, здаецца, дзве дэвальвацыі. Скажыце, як паўплываў на гэта “Абменнік”?
А.Х.: Ведаеце, і беларуская паэзія, і беларускі рубель перажывалі ў сваёй гісторыі і не такое… Калі б можна было падняць ці абваліць рубель выпускам аўдыёкніжкі, усе нашы аўтары толькі б тым і займаліся. Вядома ж, мне хацелася канвертаваць, скажам, Джона Дона з ангельскай на беларускую па самым выгадным для нашых чытачоў/слухачоў паэтычным курсе. Наколькі атрымалася, мяркуйце самі.
|
|
Сцяпан Панаеў.


