Трэцяя «КінаVarkа» пачалася са сняданку

Форум альтэрнатыўнага відэа «КінаVarkа» пройдзе сёлета трэці раз, паведаміў рэжысёр Уладзімір Максімкаў, прадусар арганізатара конкурсу — тэлекампаніі «Карамболь».

«Гэта самы дэмакратычны фестываль у свеце — полавыя, расавыя, нацыянальныя, адукацыйныя, сацыяльныя, прафесійныя, жанравыя, узроставыя, тэхнічныя — любыя абмежаванні адсутнічаюць. Іх няма! І чым больш робіцца вядома пра «КінаVark’у» як пра пляцоўку, дзе можна сябе праявіць, тым больш людзей удзельнічае ў конкурсе. Гэта пры тым, што «КінаVarkа» — абсалютна некамерцыйнае прадпрыемства. На сённяшні дзень, акрамя інфармацыйных партнёраў, іншых форум прынцыпова не мае», — сказаў у сувязі з гэтым Уладзімір Максімкаў.


Уладзімір Максімкаў

Заяўкі на ўдзел у форуме прымаюцца да 1 ліпеня, разглядаюцца — да 1 жніўня, а да 1 кастрычніка дасылаюцца гатовыя працы, вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 1 снежня. У гэтым годзе дададзеныя дзве намінацыі (цяпер іх 12) — «Аб’ектыўны погляд» і «Аркестр у руху». Тэлекампанія «Карамболь» (цалкам бясплатна) гатовая даць удзельнікам тэхнічныя магчымасці для рэалізацыі ідэй — камеру, аператара, асвятленне, мантаж, кансультацыі. Пакуль захоўваецца абмежаванне на хранаметраж у трыццаць хвілін. Поўны метр — у перспектыве. І другое абмежаванне — гэта павінныя быць сёлетнія працы.


Спікеры сустрэчы: Уладзімір Максімкаў, Анатоль Кот, Андрэй Курэйчык і Іван Пінігін

«У рэжысуру мы не ўмешваемся — гэта вашая ідэя, і вы яе ўвасабляе так, як вы яе бачыце. Іншымі словамі, пад малабюджэтнасцю разумеецца, што аўтару гэта не будзе каштаваць практычна нічога. Нашая задача — даць паверыць у сябе», — сказаў Максімкаў.


Андрэй Курэйчык, сцэнарыст

«КінаVarkа-3″ традыцыйна абнавіла склад журы. Так, сёлета ў яго ўпершыню ўвайшлі рэжысёр Андрэй Кудзіненка і галоўны рэдактар штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі» Ігар Сакалоў, а таксама леташні ўладальнік Гран-пры Жэня Берліне («Мініяцюры»). Больш падрабязна пра склад журы, умовы ўдзелу і палажэнні форуму чытайце на афіцыйным сайце «КінаVаркі».


Іван Пінігін, рэжысёр

«Я хачу, каб фестываль больш імкнуўся да авангарду, эксперыменту, які і з’яўляецца сутнасцю творчага патоку. Асабліва ў сучасным свеце, калі многія перасталі займацца творчасцю, людзі выжываюць, зарабляюць, думаюць, як бы пракарміцца. Моладзь, якая хоча нешта ствараць, — на маю думку, соль і сутнасць нашай краіны. Любыя вынаходнікі, у інжынернай вобласці ці якой іншай, — людзі-золата, яны дарагога каштуюць. «КінаVarkа» дае ім магчымасць пераварочваць усё з ног на галаву. Я звяртаюся перш за ўсё да маладых людзей, якія без сумнення валодаюць большай энергіяй палёту», — заявіў рэжысёр Іван Пінігін.


Жэня Берліне, пераможца «КінаVаркі-2010″

«Я спадзяюся, што цяперашняя «КінаVarkа» зробіць крок да агульнаеўрапейскага мэйнстрыму, не страціўшы пры гэтым беларускай аўтэнтычнасці», — сказаў у відэазвароце адзін з сябраў журы.


Дырэктарка фестывалю «КінаVarkа» Генрыета Юдчыц

А Уладзімір Максімкаў падзяліўся сваёй запаветнай марай — адправіць пераможцу «КінаVarkі» на Канскі кінафестываль.


Анатоль Кот, актор

«Тыя, хто захоча ўзяць удзел у кінафоруме, могуць разлічваць на кансультацыі практычна любога з сябраў журы: Анатоль Кот гатовы зняцца ў чыёйсьці працы, Андрэй Курэйчык — пракансультаваць і нават дапамагчы ў напісанні сцэнару, Іван Пінігін — даць рэжысёрскія кансультацыі падчас здымак», — падкрэсліў прадусар тэлекампаніі «Карамболь».
«Я буду рады разгледзець запрашэнне ад удзельнікаў «КінаVarkі» і па магчымасці гатовы ўзяць удзел у здымках чыёй-небудзь працы», — пацвердзіў актор Анатоль Кот.

Журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адным выдатным праектам — «ФотаVarkай» (фотасесія сябраў журы з рондлем). У якой толькі якасці не давялося выступіць сімвалу «КінаVarkі»: ён і рэжысёрскі мегафон (Аляксандр Яфрэмаў), і місачка для малака (Анатоль Кот), і музычны інструмент (Іван Пінігін), і тэнісная ракетка (Ігар Сакалоў). А з двух друшлякоў піяр-мэнэджар Аляксандра Рогач збудавала цудоўны бюстгальтар.

Меню, якое раздалі ў пачатку сустрэчы ўсім прысутным, выявілася не розыгрышам.

Спікеры сталі каля стала, каб выканаць замовы «згаладалых» журналістаў: «Суп з Катом», «Аўсянка з Гарбузам» (Алега замяніў Іван Пінігін), «Яйкі, звараныя ўкрутую ад Курэйчыка» і «Кава ў ложак з Максімкавым» — для кожнага знайшлася страва на ягоны густ.

Ваш каментар