Увесь суч_бел_літ у адной кавярні

Узнагароджанне пераможцаў ды лаўрэатаў конкурсу ЖЖ-суполкі suc_biel_lit адбылося 14 траўня ў мінскай кавярні “Валерыя”.
Нагодай для вечарыны сталіся рэгулярныя конкурсы, што ладзяцца ў межах суполкі. Штомесячны конкурс на найлепшы пост і штодзённы – на веданне сучаснай літаратуры.
Пераможца найлепшага паста быў абраны цягам галасавання сярод удзельнікаў ды наведвальнікаў суполкі.

Зміцер Вішнёў
Свае вершы ў межах літаратурнага шоў прэзентавалі: паэты Валерыя Кустава, Міхась Башура, Арцём Кавалеўскі, пераможца конкурсу на найлепшы пост суполкі suc_biel_lit Анатоль Івашчанка, п’яныя песні чытаў цвярозы Зміцер Вішнёў.

Алесь Камоцкі
Чытанне вершаў і літаратурныя конкурсы разбаўляў музычным выступам Алесь Камоцкі:
– Паспрабую разбавіць, але па жыцці нічога разбаўленага не люблю.

Арцём Кавалеўскі
Адмысловы шарм творчаму вечару надаў паэт ды журналіст Арцём Кавалеўскі. Спадар Арцём уступаў у навукова-літаратурны дыспут амаль з кожным выступоўцам, абмяркоўваў з паэтамі прэамбулы ды метафары. Прысутны літаратар і выдавец Міхась Башура:
– Трэба яго забаніць.
У розныя часы свайго існавання беларускія літаратары, паэты ды калякультурная інтэлігенцыя гуртаваліся вакол часопісу “Arche”, газеты “Наша Ніва”, нефармальнага літаратурна-мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”. Часам творчыя гурткі ствараліся вакол пэўнай асобы культурнага бамонду.

Ася Паплаўская і Алесь Мазанік
Сёлета пэўнае кола творцаў згуртавалася вакол ЖЖ-суполкі suc_biel_lit, што распачала сваю дзейнасць з 1 сакавіка. Стваральнікі суполкі – студэнтка-журналістка Ася Паплаўская і мэнэджэр, распаўсюднік беларускай літаратуры й музыкі Алесь Мазанік – ставяць мэту аб’яднаць на адной пляцоўцы сучасную літаратуру і крытыку і папулярызацыю беларускіх літаратурных твораў. Ася Паплаўская:
– Аўтарам ідэі стварэння суполкі быў Алесь Мазанік, які прапанаваў раскручваць беларускую літаратуру праз інтэрнэт-партал Livejournal.com, і я з ім пагадзілася. Каб падтрымаць ініцыятыву ўдзельнікаў мы ладзім штомесячныя і штодзённыя конкурсы ў межах суполкі.
Таксама Ася адзначыла патрэбу ў глабалізацыі літаратурнага працэсу на Беларусі:
– У інтэрнэце існуе шмат літаратурных суполак: суполка “Arche”, суполка вакол асобы Хадановіча ды іншыя, але яны абмежаваныя, яны засяроджаныя на адной асобе ці на адным выданні. Я не думаю, што гэта найлепшы шлях, каб замахвацца на вялікія ды значныя мэты. Мы з Алесем хацелі б зрабіць адно месца, няхай пакуль што ў Livejournal, дзе можна было б аб’яднаць вялікае кола літаратурных прыхільнікаў.
Алесь Мазанік з важнасцю міністра культуры падкрэсліў:
– Суполка не мае дачынення да аніякіх палітычных партый ці рухаў.
Ад больш падрабязных каментароў стваральнік кам’юніці адмовіўся.
Акрамя выступоўцаў кавярню “Валерыя” наведала невялікае кола ўдзельнікаў ЖЖ-кам’юніці suc_biel_lit. Некаторыя былі настроеныя крытычна. Дзяўчына-наведніца:
– Звычайных гледачоў тут нешмат. Не здзіўлюся, калі ў кожнага з нелітаратараў, прысутных на гэтай імпрэзе, застанецца адчуванне чужасці. Я бачу асобную тусоўку са сваімі ўнутранымі жартамі і манерамі. Такое адчуванне, што назіраеш за чужым жыццём, калі цябе туды не клікалі. Умець зацягнуць публіку ў дзеянне на сцэне – таксама талент. Арганізатары імпрэзы суч_бел_літа такім талентам пакуль што не валодаюць. Не разумею, навошта трэба было даваць аб’явы, збіраць людзей … Сказалі б проста: “Будзе такая і такая тусня” – і ўсё, не было б ніякіх пытанняў.
Падчас літаратурнай вечарыны выступы паэтаў межаваліся з конкурсамі на веданне сучасных беларускіх літаратурных рэаліяў, а пераможцы былі ўзнагароджаныя каштоўнымі літаратурнымі прызамі.
Спонсарамі прызоў да конкурсаў, што ладзіліся як у інтэрнэт-суполцы, так і падчас вечарыны, паўсталі: Кампанія «БелТонМедыя»; Кнігарня «Логвінаў»; часопіс «Дзеяслоў»; выдавецтва «Галіяфы»; Барыс Пятровіч ды Уладзімер Арлоў.
Фота Вікторыі Біран.
Для budzma.org да суч_бел_літу далучаўся
Ася Паплаўская
дзякуй вам, што прыйшлі і напісалі. добры артыкул :)
толькі не Алег Башура, і Міхась. пасьля слушна напісалі. абдрукоўка, мабыць…