У галерэі «Ў» настальгавалі па 80-х. Па тых 80-х, што былі напоўненыя прагай творчасці і багатым мастацкім жыццём, якое сёння адгукаецца многімі вядомымі імёнамі. Тут адбылася прэзентацыя новага альбома з серыі «Калекцыя пАРТызана» — «Беларускі авангард 1980-х».
Твораў неафіцыйнага мастацтва таго часу практычна не захавалася ў саміх аўтараў, і сабраць іх пад адной вокладкай стала магчыма дзякуючы пераважна тром калекцыянерам — Андрэю Плясанаву, Яўгену Ксяневічу і Аляксандру Іванову. Усяго ў альбоме прэзентаваная творчасць больш як 30 мастакоў. Сабраць разам саміх авангардыстаў выявілася справай нашмат цяжэйшай. Па словах Артура Клінава, большасць з іх ужо, на жаль, памерла, некаторыя з’ехалі за мяжу, так што на імпрэзе можна было назіраць толькі чвэрць згаданых прадстаўнікоў мастацкага «падполля», сярод іх — Вольгу Сазыкіну, Васіля Васільева, Віктара Пятрова ды інш.
Адкрылася імпрэза культуралагічнай часткай, абыгранай як партсход. Седзячы за доўгім сталом пад расцяжкай з лозунгам «Культура — для народа», мастацтвазнаўцы і сведкі падзей давалі беларускаму авангарду азначэнні і пускаліся ва ўспаміны пра творчыя 80-я. «Беларускі авангард меў свой твар, — зазначыла мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Па-першае, ён быў не палітызаваны, як авангард 1920-х, а цалкам мастацкі. Па-другое, беларускі авангард не другасны, бо ад пачатку ён быў далёкі ад сусветнага і расійскага, ён адметны».
Мастак Андрэй Плясанаў расказаў, што арганізаваць першую выставу авангардыстаў у 1987 годзе было сапраўдным подзвігам. Але на наступны ж дзень яе закрылі. Тады ён даслаў тэлеграму на імя Гарбачова і ягонай жонкі Раісы Максімаўны, і ў хуткім часе выстава была адноўленая.
Выступілі таксама мастак Віталь Чарнабрысаў, дзядуля беларускага авангарду, і калекцыянер Яўген Ксяневіч, які пажадаў усім дачакацца з’яўлення незалежнага музея сучаснага мастацтва, а таксама заклікаў нараджаць паболей дзяцей.
Тэарэтычная частка была завершаная — адчынілі буфет. Ён быў аздоблены з любоўю да дэталяў і ўяўляў свайго кшталту невялікую інсталяцыю Артура Клінава, дзе можна было пабачыць мілы нацюрморт з печыва ў старой кардоннай скрыначцы, адкаркаванага піва «Жыгулёўскае»ды іншых рэтра-артэфактаў. Па паліцах была расстаўленая ўнікальная калекцыя пладова-ягадных він Ягора Сурскага, якая экспанавалася ўпершыню. Уладальнік хоць і перажываў за каштоўныя экспанаты, але гатовы быў прывезці калекцыю цалкам. Была пагроза, што яна зойме ўсю прастору галерэі, таму вырашылі абмежавацца сотняй бутэлек. Госці жвава расхоплівалі з талерак сала, плаўлены сырок «Дружба» і карамелькі «Барбарыс». Замест шклянак прапаноўваліся маленькія слоічкі. «Стою на полустаночке, пью вино из баночки», — хітра праспяваў нейкі мужчына, праходзячы міма. Памяшканне хутка напоўнілася гоманам, звонам бутэлек і нейкай хмяльной весялосцю, у паветры змяшаліся пахі салёных гуркоў і партвейна. Прадстаўнікі пакалення сцвярджалі, што атмасфера гэтым вечарам перададзеная дасканала, у 80-я усё было менавіта так.
На экране мільгалі кадры, на якіх можна было пазнаць маладых авангардыстаў — хроніка з архіва Віктара Ігрушы, што раней не паказвалася, — у планах зрабіць фільм.
Бард Зміцер Бартосік з характэрным надрывам спяваў песні Высоцкага па-беларуску.
За барам працаваў чалавек па імені Коля Марксіст, ён жа ставіў пласцінкі з хітамі 80-х, побач хтосьці расказваў гісторыі, што раней ён імкнуўся да натуральнасці, таму насіў доўгія валасы і бараду да калена, чым шакаваў мінакоў. Здавалася, што пачуць кучу дзіўных легендаў можна было пра многіх з прысутных.
Публіка складалася ў асноўным з людзей, чыя маладосць прыпала на 80-я, і тых, для каго гэта хутчэй пакаленне бацькоў. І хоць маладыя людзі рэдка пазнавалі ў твар герояў беларускага авангарду трыццацігадовай даўніны, відавочна, штосьці для сябе яны тут знайшлі. «80-я — гэта трэнд, які вяртаецца, — лічыць Артур Клінаў, — у культуры ёсць пэўныя энергетычныя зоны — напрыклад, нулявыя з пункту гледжання энергетыкі былі абсалютна ніякія, бясполыя, а вось 80-я пульсавалі, білі крыніцай, і мне здаецца, гэтую энергетыку можна неяк пераключыць і на сучаснасць».
Аляксандра Дорская, фота – Аляксандр Ждановіч