Віктар Марціновіч у якасці экскурсавода: «Нам трэба гэта ўсё ведаць і памятаць» (фотарэпартаж)

Марціновіч

Аб малавядомых фактах з жыцця вядомых і забытых беларускіх мастакоў, аб сваім асабістым успрыняцці некаторых карцін, прадстаўленых у экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, распавёў падчас сяброўскай экскурсіі, арганізаванай часопісам 34mag.net/, літаратар і публіцыст Віктар Марціновіч. «Асноўная мэта, якая ставілася, – расказаць сябрам пра тыя карціны ў мастацкім музеі, якія здаюцца значнымі і цікавымі мне асабіста», – патлумачыў у пачатку экскурсіі Віктар.


Віктар Марціновіч

Сацыяльныя сеткі ствараюць цуд, і замест «цёплага кола сяброў» на ўваходзе ў прытулак муз сабралася дастаткова шмат людзей. «Тое, што я збіраюся казаць сёння, атрымана ад майго настаўніка, легендарнага мастацтвазнаўцы Кірылы Уладзіміравіча Зелянога. Мне пашчасціла слухаць гэтага чалавека, які ведаў гісторыю мастацтваў так, як мала хто яе ведае. Для навукоўца, для гісторыка мастацтва суперажыванне і здольнасць трансфармаваць гэтыя пачуцці ў словы, запальваць гэтымі словамі – і ёсць самае галоўнае. Зеляной валодаў гэтай якасцю».

Станіслаў Жукоўскі

На мой погляд, у беларускім мастацтве мяжы 19-20 стагоддзяў ёсць адно моцнае прозвішча, якое нам трэба ведаць і памятаць. Атрымаўшы выдатную класічную адукацыю, ён увасабляў вельмі цікавы жанр – ён займаўся інтэр’ерным жывапісам. Так ужо атрымалася, што росквіт яго творчасці прыйшоўся на гады, калі гэтая Расія, гэтая Беларусь, гэтая гісторыя, гэтыя інтэр’еры ўжо падыходзілі да канца. Калі мы бачым Жукоўскага, мы бачым свайго роду іканаграфію Пампеі за некалькі секунд да выбуху. На самай справе, і выбух ужо адбыўся, але інтэр’еры яшчэ засталіся.


Вуглавая гасцёўня», 1916

Гэтая вось карціна («Вуглавая гасцёўня», 1916) з прывабным выглядам з акна, у якім хочацца застацца, з інтэр’ерам, на які можна глядзець гадзінамі. Гэтага свету больш няма, гэтай літаратуры больш няма, гэтых інтэр’ераў больш няма, гэтай сістэмы любові-нянавісці, слёз, французскага – больш няма. Нам застаўся Жукоўскі і яго карціны. Па манеры пісання Жукоўскага адносяць да імпрэсіяністаў: любоў да святла, да шырокіх мазкоў. Імпрэсіяністаў былі сотні, тысячы. Такога, як Жукоўскі, які са сваёй дакументальнай дакладнасцю захаваў для нас настрой, святло, пах, капялюшыкі, кветкі, – няма. Ён – адзіны.

 


«Ноч напярэданні Калядаў» (1918)

Год, калі была напісана карціна «Ноч напярэданні Калядаў» (1918), кажа нам усё. Мы бачым адзін з класічных інтэр’ераў. У яго заўсёды ёсць акно ў інтэр’еры, і яно заўсёды адыгрывае значную ролю. Год 1918. І маскі гэтыя маюць цалкам пэўную эстэтыку і сімволіку. У той год па ўсёй Расіі такія інтэр’еры палілі.

Май Данцыг

Ён жывы да гэтага часу і да гэтага часу творыць, але тое, што ён рабіў у 70-я, на мой погляд, выдатна і заслугоўвае самай пільнай увагі. Данцыг характэрны і цікавы тым, што з такой дбайнасцю і прыгажосцю прайграваў жалезабетонны змрочны страшны свет белага, шэрага, чырвонага колераў, у якім жылі мінчане ў перыяд позніх сямідзесятых. Ён – гіперрэаліст, хоць зусім не рэаліст.


«Мой горад старажытны, малады», 1972

Карціна Мая Данцыга («Мой горад старажытны, малады», 1972), можа быць выдатнай ілюстрацыяй таго, якім быў Мінск пасля Другой сусветнай вайны і што з ім зрабілі пасля. Гэтая карціна дэ-факта можа быць дакументальным сведчаннем, якое развенчвае міф пра тое, што Мінск мае так мала гістарычных будынкаў па той прычыне, што ён быў знішчаны падчас вайны. Мы бачым тут Халодную сінагогу – будынак, які многія гісторыкі архітэктуры лічаць адным з самых старых будынкаў горада. Другая сусветная, як мы бачым, яе не знішчыла. Мы бачым фрагменты забудовы старога горада, якія не кранутыя, якія захаваныя. Мінск крывых вулачак, старых касцёлаў, сінагог, у рэшце рэшт, не прыбраных у бетон берагоў Свіслачы, існаваў. Уласна, гэтая карціна па ўражанні, якое яна пакідае, па бадзёрай каляровай зараджанасці, па яркіх фарбах, якія так не ўласцівыя Данцыгу, быццам паказвае Мінск, якім яго хацелі бачыць савецкія кіраўнікі.

 


Васіль Сумараў

І побач са страшным Данцыгам, які намаляваў такі быццам бы жоўта-светлы гарадскі пейзаж, знаходзіцца, напэўна, мая самая любімая карціна ў гэтым музеі («Зямля маці», 1978). Напісаная ў тую ж эпоху, яна валодае такой магіяй, энергіяй. На ёй намаляваны, напэўна, самы галоўны для Беларусі архітэктурны помнік – фрагмент Наваградскага замка. Але намаляваны так, што ад яго, як быццам, зыходзіць нейкая аўра. Тут няма ніякай прыкметы, нават намёку на сюррэалізм або гіперрэалізм або іншы які -ізм. Гэта – проста пейзаж. Але ў тым, як пабудавана кампазіцыя, у смарагдава-сіне-цёпла-карычневай гаме – ёсць нешта чароўнае. Да гэтай карціны можна прыходзіць, калі цяжка або калі жыццё б’е занадта моцна і хочацца адчування, што ўсё проста і ясна, а на самой справе, не проста і не ясна.


«Зямля маці», 1978

«Магічны рэалізм». Маркес ў гэты час піша свае магічныя рэчы ў Калумбіі, а Сумараў гэта робіць у Беларусі, але не называе гэта ніякім -ізмам. Цяпер мы пройдзем да значна больш цікавага перыяду, калі мастакі павінны былі не адлюстроўваць рэальнасць, але канструяваць і ствараць яе ў такіх вясёлых і жыццесцвярджальных танах.

 

Валянцін Волкаў

У экспазіцыі ёсць дзве карціны, і абедзве цікавыя. Парадаксальнасць гэтага чалавека ў тым, што ён, як вы бачыце, не канструктывіст, не супрэматыст, не авангардыст. Ён уяўляе самы кандовы з мажлівых плыняў – сацыялістычны рэалізм.

 

 

Гэты чалавек быў у Віцебску ў перыяд з 17-га па 19-ы год і працаваў рука аб руку з Малевічам, Лісіцкі, Шагалам. Усе яны альбо былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, альбо былі расстраляныя. Віцебскі авангард – гэта трагедыя. Волкаў здолеў не толькі перажыць авангард, але і ўпісацца ў мастацтва сацрэалізму. Самыя цікавыя яго працы прыпадаюць на перыяд кіравання Сталіна (з’яўлення так званага «сталінскага ампіру»), які быў напоўнены святлом, аптымізмам, калі ад любога будынка, пабудаванага ў тыя гады, веяла ўпэўненасцю ў тое, што мы абавязкова пераможам, і што будучыня нас чакае толькі выдатная. У той перыяд, калі людзі знішчаліся тысячамі.

 


«Студэнты», 1947

 

Разбіраючы гэтую карціну («Студэнты», 1947), нават пры беглым поглядзе відаць, што ўвесь праславуты сацыялістычны рэалізм быў працягам класіцызму, усяго таго, з чым з усіх сіл змагаліся Шагал з Малевічам, мадэрністы.


«Мінск 3 ліпеня 1944 года» (1945-1955)

 

Цяпер мы пяройдзем да палотнішча, якое з’яўляецца самай галоўнай карцінай той эпохі – «Мінск 3 ліпеня 1944 года» (1945-1955). Распавядаюць адзін з апокрыфаў, гарадскіх легенд: калі ў 54-м годзе гэтую карціну перад адкрыццём убачыў Мазураў (кіраўнік РБ у тыя гады) і спытаў у Волкава: «Скажыце, Валянцін, а дзе ж тут гераічны подзвіг беларускіх партызан, якія вызвалялі горад Мінск?» Волкаў не знайшоў на ёй подзвігу беларускіх партызан і вымушаны быў тэрміновым чынам з постаці звычайнага гараджаніна зрабіць партызана, які ўдзельнічаў у вызваленчай барацьбе. Гэтая карціна настолькі вядомая, што як вы ведаеце, да абрання Абамы, на яе рабілі рэмэйкі

 

.

 

Язэп Драздовіч

 

Што цікава, у старой экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея, якая паўстала падчас перабудовы, у дзевяностых, дзядзька Язэп быў прадстаўлены дзвюма працамі, на адной з якіх на чырвоным фоне ззяла «Пагоня». На жаль, у нашую не надта свядомую эпоху, мы гэтых працаў Драздовіча не бачым. Аднак, не трэба з гэтага ўпадаць у самоту. Таму што мы бачым яго «Сатурніянскі пейзаж», які не экспанаваўся, знаходзіўся ў запасніках Акадэміі навук.


Працы Язэпа Драздовіча

 

На ўсёй нашай тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага за апошнія сто год паўстала два чароўныя вар’яты, якія былі зусім не ў сабе і абодва – зусім геніяльныя. Адзін з іх зрабіўся вядомым на ўвесь сусвет пасля перабудовы ў Літве. Яго імя – Чурлёніс. Ён насамрэч да трыццаці год пэндзля ў руках не трымаў. Трохі дзікаваты, а ў трыццаць год чувака торкнула, нешта здарылася, як з Ван Гогам у свой час. За тры гады ён напісаў столькі, што зараз Чурлёніс – адзін з асноўных усходнееўрапейскіх мастакоў.

Фішка ў тым, што мы, братцы, маем «нашага Чурлёніса». Ён у нас быў, проста ніхто пра яго не ведае! Не памятае!

Найперш цікавы дзядзька Язэп тым, што ў дваццатыя гады ён з нейкай нагоды пачаў ствараць пейзажы няісных светаў. У гэтую ж эпоху, калі Цыялкоўскі працаваў над сваімі касмічнымі тэорыямі, космас быў сусветам уяўнага, магічнага, аб’ектам тэорый. Драздовіч гэта задакументаваў.

Гісторыя яго жыцця, яго забыцця, спробы яго адрадзіць і зноўку забыцця – прыкрая традыцыйная гісторыя беларускага дзеяча мастацтва, любога беларускага інтэлектуала, які хранічна не можа знайсці сваё месца ў сусвеце. У дзевяноста другім годзе была выдадзена кніжка, прысвечаная яму, мастацкі альбом, у якім менавіта тыя людзі з Акадэміі навук, якія займаліся экспедыцыяй па Віцебшчыне, сфатаграфавалі ўсе яго карціны, якія знойдзены і напісалі цікавую прамову.

Дагэтуль, калі прыязджаеш на Глыбоччыну, можаш сустрэць бабульку, якая мае ў сябе на гары дома арыгінал Драздовіча. Гэта вельмі па-беларуску. Можа стацца, што мы дачакаемся той пары, калі ў Драздовіча будзе ўласны музей, а можа, і не.

Дарэчы, пакой з работамі Драздовіча ёсць у вёсцы Германавічы (Віцебская вобласць).

 

Віцебская школа

Ва ўспамінах даследчыкаў Шагала мы чытаем, што ягоныя віцебскія працы выкарыстоўваліся ў якасці халстоў для працаў вучняў Віцебскага мастацкага тэхнікума – настолькі яго не цанілі. Шмат працаў было згублена, знішчана, таму што, зноўку, ён не ўпісваўся ва ўсеагульную плынь. Потым, калі ягоныя працы прагучалі ў Парыжы, калі ён вельмі файна прадаваўся ў Штатах, ягоныя працы сталі непад’ёмна вялікімі для Беларусі. У Беларусі час ад часу ладзяцца нейкія выставы Шагала, аднак ніколі мы не мелі раскошы экспанаваць алеі Шагала. Усе, што прывозяць сюды, – як правіла, літаграфіі ці афорты. А Шагал – гэта геній колеру, геній алейнага жывапісу.

На жаль, у Беларусі мы не ўбачым яго алейнага жывапісу. Настаўнік Шагала – Юры Муфтавіч Пэн – чалавек, з якога ўсё пачалося. Ён стварыў за сваё жыццё галерэю партрэтаў жыхароў габрэйскага мястэчка. Трэба разумець, што Шагал з’ехаў з Віцебска ў 19-м годзе, да таго, як пачаліся рэпрэсіі, а з’ехаў таму, што ў Віцебск прыехаў іншы вялікі эксцэнтрык і харызматык – Казімір Малевіч. Праз некалькі месяцаў школа ўжо не была школай Шагала, а стала школай Малевіча.

Супрэматычны верш Малевіча: «Мэта музыкі – маўчанне».

Аўтапартрэт Пэна («Сняданак. Аўтапартрэт», 1932), з наколатай на відэлец бульбінай, побач з газетай «Віцебскі пралетар», якраз і паказвае той люты лёс, які спасціг Віцебскую мастацкую школу, віцебскі авангард і наогул віцебскае мастацтва пасля ад’езду Шагала.

 


«Сняданак. Аўтапартрэт», 1932

 

Леанід Шчамялёў


«Цяпло зямлі», 1989, Л. Шчамялёў

Калі вам калі-небудзь трэба будзе зрабіць падарунак дыпламату або кіраўніку дзяржавы ці мільянеру, то не вагаючыся, ідзіце ў мастацкі салон і купляйце там Шчамялёва. На мой сціплы погляд, Шчамялёў – той, хто будзе ўвасабляць жывапіс Беларусі праз пяцьдзясят гадоў. Па ім людзі будуць меркаваць аб тым, у якім стане быў жывапіс у наш час. Дзе б вы ні ўбачылі яго карціну, вы адразу ж яго прызнаеце – гэта ўласцівасць яго прац. Ці гэта не прыкмета сапраўднага мастацтва? Ён вельмі вядомы, але ён – непараўнальны.

Дзяліцца сваімі ведамі – ці гэта не лепшы спосаб захаваць гісторыю?

4 каментара

  1. # 06 верасня 2011 22:34
    Яўген

    Дзякуй Марціновічу! Было вельмі файна! ;)

  2. # 07 верасня 2011 13:48
    михась

    вот блин, из-за работы такое пропустил…

  3. # 07 верасня 2011 16:40
    Віталій

    Прыгожы мужчына..

  4. # 07 верасня 2011 16:41
    keiko

    какой он все-таки красавчик. и умница

Ваш каментар