Аляксандр Тамковіч: «Сорамна перакладаць беларуса на беларускую мову»

tamkovicfota-2

– Я былы вайсковец, дакладней вайсковы журналіст. Вучыўся на факультэце журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Да гэтага скончыў “рускую” школу і адзін курс Ленінградскага тэхналагічнага інстытута халадзільнай прамысловасці. Зразумела, беларускую мову нідзе належным чынам не вывучаў. Таму, каб ніхто не смяяўся з памылак, пісаў  на “великом и могучем”.

Так было да траўня 2007 года, калі рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль прапанаваў мне зрабіць серыю нарысаў “Найноўшая гісторыя Беларусі ў асобах”. З здавальненнем пагадзіўся, засмучаў толькі адзін момант – у Вас газета на беларускай мове, а я пішу на рускай. У адказ прагучала – пішыце на рускай, будзем перакладаць. І тут мне, шчыра кажучы, стала крыху сорамна, ад таго, што хтосьці будзе перакладаць на беларускую мову беларуса…

Як вядома, лета – “мертвый сезон”, таму мы вырашылі дачакацца восені. Першы нарыс на беларускай мове зьявіўся 12 верасня 2007 года. Напісаны ён быў з дапамогай руска-беларускага слоўніка і кампутарнай праграмы “Літара”, якая падкрэслівае чырвоным колерам памылкі і “русізмы”. Зараз серыя нарысаў працягваецца, толькі аб’ектам стаў “трэці сектар”. У слоўнік я амаль не заглядваю. Няма такой неабходнасці.

Я родам з захаду Беларусі, а там раней дамініравалі дзве мовы – мясцовая (беларуская) і польская. Толькі апошнім часам дадалася яшчэ і руская. Па  сутнасці адбываецца тое, што ўсе бачаць, пасля таго, як сюды прыйшлі “саветы”. У маіх радных Ашмянах ніколі (адно выключэнне) не было “свайго” начальства. Іх заўсёды прысылалі з Усходу.

Аднойчы  ехаў за квітком на Маскоўскі аўтавакзал. У падземным пераходзе, каля “палітэху”  нейкі юнак спяваў на беларускай мове. Такога я ніколі не чуў. Каб адчуваць сябе беларусам не трэба нейкага пафасу.  Дастаткова свядома рабіць тое, што будзе рабіць цябе беларусам.

Аляксандр Тамковіч, журналіст, публіцыст

Аб праекце «Як я стаў беларусам»

Ваш каментар