Дзяніс Шляхціцаў: «Творчасць – жыццёвае крэда»

dzianis-shliaxcicau

– Для мяне быць беларусам – гэта заўсёды з павагай i пяшчотай ставіцца да нашай роднай мовы. На жаль, у паўсядзённым жыцці я ўжываю яе нячаста. Але як музыка хачу сказаць, што найлепшыя песні нашага гурта – менавіта на беларускай мове. Чаму так? Не ведаю, але, шчыра кажучы, так i ёсць! Неверагодна, але мне давялося адчуць сябе беларусам яшчэ ў 3-м класе. Мая бабуля дазваляла мне не вучыць беларускія вершы, казала, што гэта складана і не заўсёды дакладна зразумела. З такой нагоды я быў, можна сказаць, «вызвалены» ад хатняга задання па літаратуры. Але вершы я ўсё ж такі вучыў (яны вельмі мне падабаліся!). Цяжка гэта перадаць, але калi я чытаў вершы, я адчуваў эмацыйную сувязь з мовай, нібыта прапусціўшы праз сябе яе мілагучнасць, незвычайную музычнасць. Як адзначалася вышэй, я займаюся музыкай. У жыцці мне, безумоўна, пашчасціла, бо я ведаю, дзеля чаго жыву. Наш гурт мае назву SKRIZHALI (Скрыжалi). Спяваем мы разам ужо 6 гадоў на рускай i беларускай мовах. Зразумела, што быць музыкам – далёка не простая справа: трэба не толькі ўмець прыдумаць шчыры тэкст i адпаведную музыку, але i запісаць якаснае аўдыа. На жаль, у наш час без грошай быць выдатным творцай даволі складана, а для людзей з сярэднім заробкам дык, напэўна, зусім немагчыма! Аднак мы заўсёды спрабуем выкарыстаць кожную сцяжынку для раскрыцця патэнцыялу нашага гурта: па магчымасці супрацоўнічаем з творчымі людзьмі, бярэм удзел у музычных праектах, шукаем цікавыя новыя ідэі. А добрыя словы падзякі нашых слухачоў дазваляюць не страчваць веры ў нашыя здольнасці, дораць надзею на лепшую, светлую будучыню.

Дзяніс Шляхціцаў, музыка, Мінск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”

2 каментара

  1. # 25 студзеня 2010 00:13
    secretstory

    Быць заўсёды сапраўдным, шчырым і бясконца талентавітым складана, але ўсё ж такі магчыма!!! І ты, Дэн, гэтаму прыклад! :)) Толькі наперад! Толькі з аптымізмам і з такім жыццёвым запалам!
    Посьпехаў вам!!! SKRIZHALI 4ever!

    • # 25 студзеня 2010 19:13
      Дэн

      Вялiкi дзякуй !!!

Ваш каментар