Як я стаў беларусам

img_1396-800x600

– Дакумэнтальна-мастацкі праект «Як я стаў беларусам» — гэта гісторыі людзей, якія «раптоўна» расплюшчылі вочы і ўсьвядомілі, што «беларус/ка» – гэта крыху болей, чым запіс у пасьведчаньні пра нараджэньне. Пакуль малая колькасьць дзяцей нарадзілася ў сем’ях, дзе бацькі ўсьведамляюць сябе беларусамі: ведаюць гісторыю, мову і культуру сваёй краіны. Большасьць прыходзіць да веды Беларусі самастойна.

Кожны з тых, хто ўважае сябе беларусам, мае сваю гісторыю пераадоленьня бар’еру – напрыклад, першай фразы літаратурнай беларускай мовай, прамоўленай у публічным месцы на тэрыторыі Беларусі.

***

«Падумай, гэта на ўсё жыцьцё!» – усхапілася маці, калі сын прыйшоў атрымаць пашпарт і зрабіў выбар для графы «нацыянальнасьць» – беларус. Маці – беларуска, а бацька – расеец: выбірай! Сярэдзіна 1980-х. Час разьвітога застою СССР.

«Не прыдумляйце вы вашу беларускую мову!», – запэўнівае мяне чыстай беларускаю мовай бабуля ў Капыльскім раёне. Мы – рускія, а ў суседняй вёсцы – палякі, гаворым па-свойму».

«Мы вабшчэ-та палякі», – тлумачыць саракагадовы мэханізатар Астравецкага раёну. ХХІ стагодзьдзе, забыліся застой і перабудова, але засталіся старшыні калгасаў. Тут старшыня езьдзіць на джыпе «Чырокі». Мова мэханізатара, за выключэньнем некаторых «вабшчэ», вартая ўзораў для падручніка беларускай мовы.

«Сколько нам, беларусам, можно лапшу вешать? Мы – древний народ с древней историей, культурой, языком!», – тлумачыць сябра, якому пакуль цяжка хутка выказвацца літаратурнай беларускай мовай.

Што значыць быць беларусам: ліцьвінам, русінам, балтам, заходнім расейцам, усімі разам? Каталік, праваслаўны, паганец, юдэй, мусульманін, старавер, крышнаіт, баптыст, байкер, скейтэр, панк, мэталіст, левы, правы, паўночны, паўднёвы, крывіч, дрыгавіч, радзіміч, яцьвяг, гот, кот, рак, жук, жаба?.. Мы такія розныя, і ўсё-ткі частка нас разам!

Ня гледзячы на розныя рэлігійныя, палітычныя, сацыяльныя, цывілізацыйныя (!) погляды, мы клічам сябе беларусамі. Тлумачым сваім «рускім» ці «польскім» сваякам, што рэлігійная і нават этнічная прыналежнасьць – гэта ня тое, што нацыянальнасьць.

«Падумай, гэта на ўсё жыцьцё!». Іншы мой прыяцель ня меў у бацькоў у пашпартах запісу «беларус/ка», але настаяў на запісу «беларус».

«Чым адрозьніваецца балівіец ад вэнэсуэльца?», – запыталася гераіня аднаго з апавяданьняў Х. Л. Борхэса. «Ня ведаю, – адказаў суразмоўца з Лацінскай Амэрыкі. – Гэта пытаньне веры».

Чым беларусы розьняцца міжсобку? «Скажыце, чаму ваш лёзунг «Будзьма беларусамі!» – мы і так беларусы!» – чуваць абураны голас. Адказ: «Чым дакажаце?»

***

Чытаць гісторыі.

Дашлі сваю гісторыю на адрас: sieviaryn@gmail.com

Глядзець па тэме:

Чым можна даказаць, што ты беларус?

Маркеры і імпульсы беларусізацыі

100 историй о том, «Як я стаў беларусам»


4 каментара

  1. # 18 сакавіка 2009 09:20
    Спадар Іван

    Цікавая тэма, каб добра падумаць:)

  2. # 20 сакавіка 2009 11:42
    vysik

    Пакуль мы ня станем беларусамі, – мы будзем Людзьмі звацца, немагчыма пераскочыць цераз ступеню. Гэта як кінастужка, досыць калі не хапае аднаго кадра – цеп абрываецца.

  3. # 20 сакавіка 2009 12:53
    Укекош

    Мяркую наадварот: Пакуль мы ня станем беларусамі, – мы НЯ будзем Людзьмі звацца. Хаця б таму, што цеп па-беларуску папросту ланцуг.

  4. # 27 студзеня 2011 01:46
    Надзея Бацілава, г. Магілёў, ТБМ

    У 60-х гадах мінулага стагоддзя была маленькая, жыла ў вёсцы, вучылася ў беларускамоўнай пачатковай школе. Літаратурная мова падавалася надзвычай прыгожай і роднай. Канечне, па-за сценамі школы мае землякі размаўлялі на трасянцы, а не на чыстай беларускай мове, побач была Расея, адчуваўся ўплыў. На канікулы прыязджалі да бабуль унукі з Віцебска, размаўлялі «па-гарадскому» (г. зн. на расейскай мове), мы ім, прыгожа апранутым і фанабэрыстым, крыху зайздросцілі, прыслухоўваліся да іх вымаўленьня з цікавасьцю, але з тых вясковых, хто меўся здрадзіць роднай «трасянцы», пасмейваліся: «ой-ой-ой, мы ўмеем па-рюску?». А потым, з пятага класа, была рускамоўная сярэдняя школа, выкладчыкамі ў ёй былі ў асноўным ураджэнцы Віцебска, беларускую мову яны ігнаравалі, бо ня ведалі яе толкам, у тыя часы вёска навучалася па-беларуску, горад – па-руску. Але ж выкладчыкі мовы і літаратуры былі ў нас цудоўныя, і прадметы іх былі найлюбімейшыя. Такім чынам, лічу, што вясковая школа, у якой добрыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, найперш выхоўвае беларусаў беларусамі.
    Любоў да роднай мовы разам з любоўю да Беларусі, да той, якой Беларусь павінна быць, прайшла праз жыцьцё. Выраслі неяк, здаецца, самі па сабе (у горадзе!) беларускамоўныя дзеткі. І хоць дзяржава не спрыяе захаваньню і развіцьцю беларускай мовы, мова жыве і будзе жыць: на вёсцы, у інтэлігенцкім асяродку, зусім неспадзявана і вельмі прывабліва тое, што міністр культуры размаўляе па-беларуску, шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан прапагандуе беларускую мову і цудоўна валодае ёю. Акторы, літаратары, навукоўцы і выкладчыкі навучальных устаноў, усе, хто выкарыстоўвае мову ў паўсядзённым жыцьці, выклікаюць замілаваньне і пачуцьцё шчырай прыязнасьці: гэта – нашыя людзі. Магілёўскую суполку Таварыства Беларускай Мовы ўзначальваюць маладыя трыццацігадовыя хлопцы – іх нястомная дзейнасьць на карысьць роднага слова заслугоўвае вялізарнай павагі і асобнай размовы.
    Будзьма разам, будзьма з моваю, будзем жыць. Жыве Беларусь!

Ваш каментар