Перазагрузка. Стокс

У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» бярэ ўдзел гурт “Стокс”. Яны пераспяваюць па-беларуску адзін са сваіх галоўных хітоў “Под куполом небес”.
Гурт “Стокс” існуе ўжо 13 год і ўвесь час пераязджае з гораду ў горад. Утварылася каманда ў Наваполацку, потым пераехала ў Мінск, дэбютны альбом выдала ў Нямеччыне, а цяпер яна ў поўным складзе жыве і працуе ў Расіі. У першы год свайго існавання англамоўныя тады яшчэ “стоксы” атрымалі добры аванс — прыз за “Найлепшы дэбют году” на “Рок-Каранацыі-96”. Іх дэбютны альбом No Escape (1999) падмацаваў поспех. Дыск быў спрадзюсіраваны гітарыстам Віктарам Смольскім з гурту Rage і выйшаў у Нямеччыне. Потым гурт вырашыў заспяваць па-расійску і запісаў песню, якая напраўду гучала пэўны час з кожнага праса — “Между Минском и Римом”. У 2006 годзе яны ўзялі гран-пры на расійскім конкурсе “Рок-дом” і падпісалі кантракт з Аляксандрам Куцікавым, музыкам гурту “Машина времени”, кіраўніком лэйблу Sintez Records, які стаў прадзюсерам беларускай каманды. Музыкі актыўна ўвайшлі ў расейскую музычную прастору, гралі на “Musicfest 2006” у Лужніках, фэсце “Движение” ў Самары ды іншых буйных опэн-эйрах. Разам з “Ляпісам Трубяцкім” і “Бі-2” былі хэдлайнерамі беларускага фэсту “Рок за Баброў”.
Летась “Стокс” запісалі свой другі нумарны альбом “Не замерзай”, які трапіў у топ-10 рэлізаў году па версіі Experty.by, а цяпер працуюць над новай праграмай. У межах праекту “Перазагрузка” музыкі пераспяваюць адзін са сваіх галоўных гітоў “Под куполом небес”. Музыкі прызнаюцца, што заўжды станоўча ставіліся да беларускай мовы, клавішнік каманды Кірыл Парфёнаў колісь уваходзіў у склад легенды беларускага року — гурту “Мясцовы час”, але ўласна “Стокс” толькі аднойчы спявалі па-беларуску — у праекце “Песнярок” (1997) яны выконвалі песню “Ружы цвет”. “Калі наша песня будзе цікавая пэўнай праслойцы грамадства ў такім варыянце, то чаму і не? Беларуская мова існуе, і мы адчуваем сябе беларусамі”, — кажа Аляксей Стокс, які цяпер жыве паміж Масквой і Наваполацкам, дзе дагэтуль знаходзіцца яго сям’я. За перастварэнне тэксту песні “Под куполом небес” узяўся паэт Глеб Лабадзенка.
Наступны ўдзельнік праекту “Перазагрузка” будзе прадстаўлены 7 траўня.
Даведка: У праекце “Тузін. Перазагрузка” інтэрнет-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасць матэрыялу, прафесійнасць у музычным падыходзе і жаданне эксперыментаваць. Кожны з іх перазапіша адзін са сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафесійным перакладчыкам. Усе песні будуць прэзентаваныя на старонках: music.fromby.net і www.budzma.org/
Інфармацыйныя партнёры акцыі “Тузін. Перазагрузка”:
Інтэрнэт-партал TUT.BY
Першая прафесійная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by
Першая беларуская газета – “Наша Ніва”
Першая беларуская транспамежная FM-станцыя – Радыё Рацыя (98,1 FM у Гародні і Беластоку)
Праграма «Proдвижение» (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале “Лад”)
Праграма “Новая зямля” (шточацвер а 23-ай гадзіне на Радыё Unistar (99,5 FM у Мінску, 102,3 FM у Брэсце).