У Нясвіжы, як у Парыжы…

11 траўня паэты Э. Акулін і Л. Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Нясвіжскі раён, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі дзве літаратурныя сустрэчы: у Карцэвіцкай сярэдняй школе і Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. “Наведаць Нясвіж – як наведаць Парыж… Такі ж сонечны настрой і неабдымная палітра паэтычных эмоцый. А яшчэ – гонар за нашу беларускую гісторыю і культуру. З такімі ўражаннямі мы вярталіся ў сталіцу пасля “ўрока сучаснай беларускай паэзіі”, праведзенага ў Карцэвіцкай СШ, і літратурна-музычнай гасцёўні ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы. Нам было асабліва прыемна, што такія сустрэчы ў бібліятэчных сценах – не эпізадычны фрагмент ў культурным жыцці Нясвіжа. Цягам апошніх двух гадоў тут у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступалі Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, Таццяна Беланогая, Валярына Кустава… А гэта значыць, што статус “культурнай сталіцы” Беларусі Нясвіж захоўвае і па сёння…”, -- падзяліліся сваімі ўражаннямі ад наведвання “рэзідэнцыі Радзівілаў” выступоўцы. Далей »

Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк: каму дастанецца муза Нясвіжа 11 траўня?

11 траўня паэты Э. Акулін і Л. Дранько-Майсюк з творчым візітам наведаюць Нясвіжскі раён. У межах кампаніі "Будзьма беларусамі!" пісьменнікі правядуць дзве літаратурныя сустрэчы: 11.00 -- Карацкая СШ Нясвіжскага раёна 14.00 -- Нясвіжская раённая бібліятэка (вул. Беларуская, 5) Па добрай традыцыі імпрэзаў “Будзьма беларусамі!” для прысутных будуць праведзеныя конкурсы з уручэннем памятных прызоў. Абсалютна ўсім прысутным дастанецца галоўны прыз - добрае і шчырае беларускае слова творцаў. Далей »

“Ладдзя Роспачы” прэзентаваная ў Нясвіжы

Першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча прэзентаванае ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Нясвіжа. Імпрэзы ў межах агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбываюцца тут не ў першы раз. І, трэба сказаць, паспяхова. На ўсе пытанні віктарыны, якую Глеб Лабадзенка (укладальнік непадцэнзурнай “Ладдзі”) склаў з фактаў пра Караткевіча і Радзівілаў (пра што ж яшчэ пытацца ў Нясвіжы!), слухачы адказвалі лёгка і ўпэўнена. Прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – фірмовыя торбачкі, дыск “Тузін. Перазагрузка” і новы хіт – беларускамоўныя налепкі на клавіятуру. Слухачы атрымлівалі прызы – і нават не падазравалі, што налепкі чароўныя: хто іх налепіць на клавіятуру, той будзе пісаць на ёй толькі па-беларуску!.. Трэба сказаць, што слухачы вельмі ўразіліся тым, як па-дурному і бязлітасна савецкія рэдактары правілі Караткевіча. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб нехта знайшоў нахабства так абыходзіцца з класікам… Мастак-дызайнер Аляксей Кульбіцкі расказаў пра тое, як працаваў над аздабленнем кнігі. Увесь дызайн “Ладдзі” будуецца на тэхніцы выцінанкі. -- І ў кожнай выцінанцы – знак, -- кажа Аляксей Кульбіцкі. – Вось тут зашыфраваны партрэт Караткевіча, тут – знакавы сімвал твора, кветка шыпшыны, а тут – кульмінацыя, гульня Вылівахі са Смерцю ў шахматы. Каб выканаць выцінанкі строга ў беларускіх традыцыях, я перагледзеў усе выцінанкі, якія знайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі!.. Аляксей прачытаў цэлую лекцыю па выцінанках. Цяпер жыхары Нясвіжа, якія былі на імпрэзе, не памыляцца: раз на выцінанцы выяўлены чалавек – гэта няйначай палеская выцінанка!.. Глеб і Аляксей апавялі таксама пра сваю будучую кнігу – унікальны фотаальбом князёў Радзівілаў, праца над якім вядзецца ўжо тры гады і які мусіць неўзабаве выйсці ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Альбом будзе ўтрымліваць каля 500 даваенных здымкаў князёў Радзівілаў і Нясвіжскага замка. Тлумачэнні да фота запісаныя ад князёўны Эльжбеты Радзівіл, якая жыла ў замку да 18 гадоў. Цяпер пані Эльжбеце 93 гады, яна жыве ў Варшаве. Наведнікі імпрэзы запрасілі Глеба і Аляксея абавязкова прыехаць з прэзентацыяй гэтага альбома ў Нясвіж. PS. Даведацца, дзе можна знайсці “Ладдзю Роспачы”, можна тут: http://labadzenka.by/?p=12428 Далей »

Бурлакі “Ладдзі Роспачы” дацягнуць яе да Нясвіжа 23 лютага

У межах агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма беларусамі!" у нясвіжскай Цэнтральнай раённай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя першага непадцэнзурнага выдання аповесці Уладзіміра Караткевіча "Ладдзя Роспачы". Нагадаем, што выданне было прызнанае экспертамі "Нашай Нівы" кнігай году — 2010. У прэзентацыі возьмуць удзел укладальнік Глеб Лабадзенка і мастак Аляксей Кульбіцкі. Апроч прэзентацыі "Ладдзі" Глеб і Аляксей раскажуць пра сваю новую працу — стварэнне ўнікальнага фотаальбома Радзівілаў, у які ўвойдзе 500 даваенных здымкаў з гісторыі роду. Па добрай традыцыі імпрэзаў “Будзьма беларусамі!”, паміж прысутнымі будуць праведзеныя конкурсы з памятнымі прызамі. 23 лютага Нясвіж, вуліца Беларуская, 5 Цэнтральная раённая бібліятэка 17.00 Уваход вольны. Далей »

Старонка 1 з 3123