Будзьма беларусамі! (тэкст)

Не было раней нічога, а цяпер усяго многа.
За гэта мы мусім падзякаваць Богу,
Ён ствараў наш свет у жанры фрыстайлу,
Прамовіў “Будзьма!”, і Беларусь паўстала.
Іхтыязаўры і іншыя цмокі…
Мы напачатку ў акіяне моклі,
А потым пакінулі водныя нетры
І займелі мы назву “неўры”.
Неўры здавён, ад першых вякоў
Пераўтвараліся ў ваўкоў —
Такая вось звычка была ў народа…
Жыцень, Пярун, Дажджбог і Кола Сварога —
У паганскіх багоў продкі нашыя верылі,
Але ўжо хрысціянства грукае ў дзверы ім.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 862 ад нараджэння Хрыстова —
Пра Полацак першыя летапісныя словы.
Ў тым Полацку збудуюць сабор Святой Сафіі
(У свеце былі толькі тры такія).
Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей
Быў чоткі персанаж, але слухай далей!
У Полацку жыла Еўфрасіння Святая,
Памяць пра яе ў стагоддзях не тае.
Для яе зрабілі знакаміты крыж
(Не проста супер, а супер-звыш),
Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў.
Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.

Ідзем далей, не марудзім доўга.
Час надышоў князя Міндоўга.
І тут мы зацяміць мусім з табой —
Тады Беларусь называлі Літвой,
А дакладней — Вялікім Княствам Літоўскім
З гербам “Пагоня” і суперскім войскам.
Пакрочым далей сваім шляхам пыльным.
Князь Гедымін засноўвае Вільню.
Сон легендарны — ваўчара ў латах…
На Вікіпедыі пра гэта багата.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 1362-гі.
Шчэрацца дзіды. Лунаюць сцягі.
Нашыя войскі ля Сіняй Вады
Разбілі трох ханаў Залатое Арды,
І Княства Літоўскае раптам — о-па! —
Зрабілася буйнейшай дзяржавай Еўропы.

Давайце далей разгортваць світак.
У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт.
Тэўтонскі Ордэн нам пагражае.
Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае.
Вітаўт з Ягайлам, польскім каралём,
Крыжакоў адправілі ў металалом.

Францішак Скарына — канкрэтны мажор.
Вучыўся не ў Полацку, а за мяжой.
І з гэтай навукай ён добра парадзіў —
Беларускую Біблію выдаў у Празе.
Вайскоўцы былі ў форме не горшай —
Паклалі маскоўскае войска пад Оршай
У 1514-м годзе,
Але годзе пра гэта, наперад мы пойдзем!
Хвілінны прыпынак — зараз і тут
Зацверджаны Трэці Літоўскі статут,
А пад Кіргхольмам разбілі шведаў,
Відаць, ты пра гэта раней не ведаў.

Будзьма ведаць свой род!

У Магілёве ў бітве апантанай
Сем тысячаў палегла акупантаў.
Якіх акупантаў? Ну, гэтых… З Усходу —
Прадстаўнікоў братняга расейскага народу.
Іх называлі яшчэ “маскавіты”,

А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай —
Беларуска-літоўска-польскай дзяржаве —
І чамусьці суседзяў усіх раздражнялі.
Тры падзелы Рэчы Паспалітай —
Вось так — узялі нас і падзялілі.
Найбольшую частку з’ела Расея…
Сярод шляхты незадаволенасць спее.
На сцэне з’явіўся Тадэвуш Касцюшка.
Запомніць імя гэта трэба. Таму што
Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянерам —
У свабоду, роўнасць, братэрства верыў,
Змагаўся за гэта нават у Штатах,
Але рускі царызм яго кінуў за краты.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Падчас напалеонаўскага землятрусу
З беларусамі біліся беларусы,
А ў 1863-м
Паўстанне ізноў пажарышчам свеціць.
Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі
Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе,
Падняў касінераў, смела біўся ў палях,
Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.

Свет на мяжы ХХ стагоддзя.
Трэба падымаць культуру ў народзе!
Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас,
Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас!
Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў…
Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.

Ну вось. У рэвалюцыйных жахах
З’яўляецца новая дзяржава.
Завецца прыгожа яна: БНР.
Яе ўтварэнне святкуем і цяпер.
Але раптам аднекуль — з дзіркі ад бубліка —
З’яўляецца іншая на табе рэспубліка.
Завецца ўжо не рамантычна яна —
Савецкая сацыялістычная.
20-я гады. Векапомны час.
Беларусізацыя пануе ў нас.
Пісьменнікі пішуць выдатныя творы,
Мастакі ў Віцебску заўсёды ў гуморы…
І гэтак было, пакуль не прыйшоў
Год 37-мы, крывавае шоу.
Але то шчэ была апраметная.
І вось пекла — Другая сусветная.
Былі акупанты, былі партызаны,
Краіну ізноў на шматкі разгрызалі…
Ізноў беларусы з абодвух бакоў…
Ліецца кроў родных братоў.

Канец вайне! Здавай аўтамат!
І вось ужо ў небе ляціць касманаўт.
Машэраў, прамову сваю гавары!
Спявайце пра Яся грамчэй, “Песняры”!
Барыс Кіт, рабі вынаходкі ў НАСА,
А мы застанемся з краінай сам-насам.
Рэспубліка Беларусь — яе назва цяпер.
Прыняты сцяг, зацверджаны герб.
Спяваюцца песні, чытаюцца вершы…
Год 1991-ы…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…

На гэтым шматкроп’е. У рукі вам сцяг
Хай кожны напіша ўласны працяг…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…
Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, шалёны народ…

7 каментароў

  1. # 31 траўня 2011 19:44
    Innocentius

    ВЫДАТНЫ, СУПЭРСКІ ролік, які абавязкова зойме сваё пачэснае месца ў найноўшай гіторыі нашай краіны!!!
    Вялізны дзякуй усім, хто спрычыніўся да яго стварэньня:)))

    Але, на маю думку, тэкст складзены не бяз хібаў (выбачайце, спадару Лявоне:)):

    1)»ШАЛЁНЫ народ» – гучыць неяк НЕДАРЭЧНА, бо «шалёны» на расейскую мову перакладаецца не як «отважный (адважны, смелы), дерзкий (дзёрскі, задзірлівы)», а наступным чынам (паводле слоўнікаў Булыкі й Байкова-Некрашэвіча):
    - бешеный, безумный, сумасшедший
    - неукротимый, неистовый, яростный, ярый
    - шальной,сумасбродный, безрассудный
    Выбачайце, спадарства, але з усіх пералічаных па-расейску эпітэтаў ніводны не падыходзіць у якасьці адлюстроўваньня, абазначэньня адметнай рысы беларускага народа (нават «неукротимый» не пасуе, бо расейцы былі беларусаў «укротили», падзяліўшы Рэч Паспалітую, а затым захапіўшы частку БНР і тым самым стварыўшы БССР, а ўрэшце навязаўшы беларусам сваю расейскую мову ў якасці дамінуючай!)

    2)»Памяць пра яе ў стагоддзях не ТАЕ» – гэта калька з расейскай мовы, па-беларуску будзе «не растае»(націск на «е»), а лепей «не знікае».

  2. # 31 траўня 2011 22:00
    Darmucha

    Выдатны ролік! Абаслютна ўпэўнена можна супаставіць з «Animowaną Historią Polski». І гэта пры тым, што ў палякаў і з нацыянальнай свядомасцю, і з даследаваннем гісторыі значна лепш! Будзьма ведаць свой род!

  3. # 02 чэрвеня 2011 23:44
    Pavel

    Отлично. Выше всяких похвал, шедевр на века. Что особо нравится так это как звучит беларуская версия – очень гармонично, мне понравилось гораздо больше чем русская. Не особо понял про Наполеона. Где там белорусы против белорусов сражались?

    • # 03 чэрвеня 2011 11:52
      kviat

      у 1812 годзе прыгонных сялян загналі на рускі бок, а шляхта была за Напалеона.

  4. # 18 чэрвеня 2011 12:38
    Харьковский Филин

    У васеще круче мифотворчество чем у нас) про Жечь Посполитую ни единого худого слова – зато «акупанты зи Усходу» глвные враги) ну в общем понятно. И «запомниць трэба» Костюшко и Калиновского) а почему не Кояловича и Солоневича?) Привет со Слободской Украины!)

  5. # 12 верасня 2011 18:51
    maxim

    Шмат казаць нябуду. Супер!!!)

  6. # 20 студзеня 2012 08:45
    Віталь

    На жаль зусім мала аб Трэцім Статуце ВКЛ. А гэта першы дэмакратычны дакумент!!!(а ў тэксце нават няма згадваньня году 1588)

Ваш каментар