Калі вам не знаёма імя Арцёма Лобача, гэта зусім не значыць, што вы не знаёмыя з яго творчасцю. Магчыма, што кліп вашага любімага беларускага музыкі зрэжысаваў менавіта ён! На рахунку Арцёма праца з Лявонам Вольскім, Nizkiz, J:Mors, Akute, і гэта далёка не ўвесь спіс. Праграму Belsat Music Live рэжысаваў таксама ён, як і фільм Маргарыты Ляўчук «Кроў на траве». Цяпер жа ёсць магчымасць адкрыць для сябе Арцёма Лобача ў амплуа рэжысёра кіно, бо на платформе VODBLISK даступныя тры яго фільмы: «Шлях дадому» (2020), «Бліжэй, чым ты думаеш» (2015) і «Дом» (2010).
Кадр з фільма «Шлях дадому»
«Шлях дадому» (2020)
«Шлях дадому» — дакументальная рэфлексіўная гісторыя Паўла, які імкнецца знайсці сваё месца ў жыцці пасля ад’езду з анэксіраванага Крыму. Прага свабоды і прынцыпы прыводзяць яго ва ўкраінскае сяло, дзе ён стварае свой уласны свет, сутыкаючыся з праблемамі і перашкодамі на шляху да самапазнання.
Гэта кіно, якое праз гісторыю Паўла адначасова разважае пра геапалітычнай сітуацыі і пра тое, што значыць пакінуць свой родны дом. Галоўным саўндтрэкам фільма быццам сталі спевы птушак, — ды і ўвогуле гукі вёскі. У кадры ж вас чакаюць заспакаяльныя сельскія пейзажы (без буслоў і трактароў не абышлося) і назіранне за будзённым працоўным (і не толькі) жыццём героя. «Шлях дадому» можа аказаць тэрапеўтычнае дзеянне на тых, каму прыйшлося зноўку будаваць жыццё ў новым месцы, і дапамагчы зразумець гэтае пачуццё тым, у каго такога досведу няма.
Цікавы факт: стужка «Шлях дадому» стала часткай першай праграмы беларускага кіно ў рамках кінафестывалю «Паўночнае ззянне» ў 2020 годзе.
Кадр з фільма «Бліжэй, чым ты думаеш»
«Бліжэй, чым ты думаеш» (2015)
Большасць фільмаў Арцёма Лобача складаназлучаныя, нелінейныя. Рэжысёр не раскрывае ўсю гісторыю ў лоб, а робіць гэта паступова. Так і ў фільме «Бліжэй, чым ты думаеш» глядач далёка не адразу разумее, што гэтае кіно пра маладую дзяўчыну, якая прагне свабоды і незалежнасці, таму ўгаворвае закаханага хлопца кінуць усё і пачаць новае жыццё ўдалечыні ад гарадской мітусні. Яны збягаюць ад бацькоў і знаходзяць адзіноту ў вясковай глушы, дзе здаецца, што яны нарэшце могуць стварыць сваю ўласную сям’ю. Аднак нечаканая сустрэча з мінулым разбурае іх ілюзіі і выяўляе схаваныя амбіцыі і сапраўдныя намеры кожнага з іх.
«Дом» (2010)
У 19 хвілін стужкі «Дом» ўмясціліся і трылер, і прыгодніцкі фільм, і меладраматычная лінія. На стварэнне фільма рэжысёр натхніўся атмасферай маёнтка пачатку XX стагоддзя Жалудок, там жа і прайшлі здымкі. Разам са сваёй здымачнай групай Арцём Лобач стварыў гісторыю пра беларускую ідэнтычнасць.
Па сюжэце: ля старога дома маладыя людзі ладзяць пікнік з нагоды ад’езду за мяжу галоўнага героя. Месца для вылазкі з сябрамі абрана зусім не рандомнае: гэта маёнтак, які належаў продкам галоўнага персанажа, але які ён сам не бачыў.
Першапачаткова ў фільме перад героем не стаіць пытанне: з’ехаць ці застацца? У яго на руках ужо ёсць білеты ў еўрапейскую краіну, і быццам ужо ўсё вырашана. Вось толькі становіцца відавочна, што ўнутраны канфлікт і рэфлексія з гэтай нагоды не даюць яму спакою.
Кадр з фільма «Дом»
«Дом» — канцэптуальны фільм, які не падпарадкоўваецца класічнай форме апавядання: перад намі дзве рэальнасці, адна з якіх накладваецца, набягае хвалямі на іншую. Аднак ад гэтага назіраць за развіццём сюжэту толькі захапляльней. Папярэджваем: пры праглядзе фільма асаблівае задавальненне выклічуць сцэны з магічнай сядзібай і прачытаныя кавалачкі вершаў Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча.
Для тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі, адразу тры фільмы можна паглядзець за 12,99$. Акрамя гэтага ёсць магчымасць набыць доступ да кожнай са стужак паасобку за 5$. З прычын бяспекі гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець фільмы платформы VODBLISK бясплатна.
У сваіх Instagram, Facebook, Viber каманда праекту VODBLISK бясконца даказвае, што беларускае кіно існуе.
Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам і падпісацца на сацыяльныя сеткі: Instagram, Telegram, FB.
Пры падтрымцы: LTAID — Lithuania development cooperation, CPVA — Central Project Management Agency.
Пры інфармацыйнай падтрымцы: Беларуская Рада культуры, HER Docs.