Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Вялікдзень у Азярцы, выстава «Шаржы на класікаў» у Мінску, вясновы абрадавы карагод «Стрылка» ў Бездзежы, майстар-клас па роспісе велікодных яек у Гомелі, Юр’я ў Лондане, беларускі велікодны квіз у Тбілісі, Велікодная літургія ў Вільні, канцэрты, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.
Беларусь
Мінск і Мінская вобласць
Выстава «Шаржы на класікаў» у Мінску
У музеі Якуба Коласа працуе выстава «Шаржы на класікаў».
На вядомых вам партрэтах паэтаў і пісьменнікаў — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна і іншых — тых партрэтах, якія мы прывыклі бачыць у кнігах, яны звычайна паказаны сталымі і сур’ёзнымі, такімі, якімі і сапраўды павінны выглядаць майстры пяра.
На выставе вы ўбачыце іх зусім іншымі — жартаўлівымі, смешнымі і па-сяброўску іранічнымі.
Вас чакаюць шаржы на вядомых дзеячаў беларускай літаратуры такіх мастакоў, як Я. Кашкель, Б. І. Антаноўскі, І. Ігін, А. В. Волкаў, Дз. М. Красільнікаў, С. Р. Раманаў, Г. Дакальская, Я. М. Ганкін, М.А. Малевіч, К.С. Елісееў, Ц-Г. Кіпніс, а таксама іншыя цікавыя матэрыялы з фондаў музеяў.
Вялікдзень у Азярцы
У нядзелю, 5 траўня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы святуюць Вялікдзень.
Вас чакае:
Майстар-клас па аздабленні яек у тэхніцы «драпанка»;
Майстар-клас па валачобных песнях;
Майстар-клас па велікоднай выцінанцы;
Абрад абыхода двароў валачобнікамі;
Велікодныя гульні «Біццё і катанне яек»;
Беларускія народныя гульні і танцы.
Брэст і Брэсцкая вобласць
Вясновы абрадавы карагод «Стрылка» ў Бездзежы
У нядзелю, 5 траўня, у Бездзежы, што ў Драгічынскім раёне, водзяць вясновы карагод!
Штогод тут спраўляюць унікальны абрад «Стрылка», унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей!
То далучайцеся!
Гомель
Майстар-клас па роспісе велікодных яек у Гомелі
У суботу, 4 траўня, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі ладзіць майстар-клас па роспісе велікодных яек.
Пры дапамозе свечак, воску і фарбаў размалюеце велікодныя яйкі ды вывучыце традыцыйныя тэхнікі і ўзоры аздаблення.
З сабой вазьміце 2 белыя звараныя яйкі.
Вялікабрытанія
Лондан
Юр’я ў Лондане
У суботу, 4 траўня, Скарынаўская бібліятэка кліча адсвяткаваць старажытнае веснавое свята Юр’я.
Прыходзьце спяваць, вадзіць карагоды, есці абрадавы каравай і яешню, гуляць у гульні ды проста тусіць.
Германія
Берлін
Выстава беларускіх мастакоў у выгнанні «Часам я трымаюся за паветра» ў Берліне
Маладыя беларускія мастакі ў эміграцыі азіраюцца на пратэсты, якія карэнным чынам змянілі іх жыццё, і на гады, што наступілі пасля.
У сваёй творчасці яны закранаюць рэпрэсіі ў Беларусі і страх пастаяннага цікавання, які не заканчваецца нават у эміграцыі. Яны маюць справу са станам непрыналежнасці і бясконцымі пятлямі бюракратыі.
Выстава шукае выражэння асабістай сітуацыі многіх мастакоў у эміграцыі, якая датычыцца не толькі беларусаў.
Назва выставы паходзіць ад верша паэткі Вольгі Гапеевай, якая цяпер таксама жыве ў эміграцыі ў Германіі. У сваім эсэ «Абарона паэзіі ў часы пастаяннага выгнання» яна звяртаецца да паэзіі і мастацтва як да сродкаў свабоднай думкі і супраціву бюракратычнай мове дзяржаў і дыктатарскаму гвалту.
Грузія
Тбілісі
Беларускі велікодны квіз у Тбілісі
У суботу, 4 траўня, у Тбілісі — беларускі пасхальны квіз.
Падрыхтавалі пытаннечкі на розныя тэмы: ад гісторыі і святочных традыцый да сучаснай музыкі і мемаў.
Спаборніцтва пройдзе ў камандах па 2-3 чалавекі, але можна рэгістравацца і аднаму.
Каманду вам знойдуць на месцы. Таксама абяцаюць свабодныя гутаркі пад каву/гарбату і музычны бонус.
Пераможцам — прызы!
Літва
Вільня
Велікодная літургія ў Вільні
У ноч з суботы на нядзелю, з 4 на 5 траўня, беларуская царква ў Вільні служыць Велікодную літургію.
Велікодныя службы будуць вось па якім раскладзе:
У суботу, 4 траўня, з 11.00 да 18.00 у беларускай царкве на Bokšto g.4 будуць асвячаць кулічы.
У ноч з суботы на нядзелю — святочная багаслужба, якая пачнецца ў 23:30 у лютэранскай царкве на Vokiečių g.20.
Усім, хто прыйдзе на начную службу, падораць па велікодным яйку.
У нядзелю ж, 5 траўня а 9-й ранку, будзе яшчэ адна служба на Bokšto g.4.
Выстава «Паўстанцы 1863–1864 гадоў» у Вільні
У палацы Вялікіх Князёў працуе інтэрактыўная выстава «Паўстанцы 1863–1864 гадоў».
Выстава складаецца з 16 павільёнаў і мультымедыйнага купала ў гонар Кастуся Каліноўскага, аднаго з камандзіраў паўстання 1863 года.
Латвія
Рыга
Прэзентацыя кнігі Ванды Марціньш «Маланкі над Вільняй» у Рызе
У суботу, 4 траўня, паэтка Ванда Марціньш прэзентуе ў Рызе сваю трохмоўную паэтычную кнігу «Маланкі над Вільняй».
Падчас прэзентацыі спадарыня Ванда пачытае з кнігі ды адкажа на пытанні, а таксама запросіць да разважання пра шматкультурныя карані творчасці.
Польшча
Варшава
Велікодная імпрэза ў Варшаве
У нядзелю, 5 траўня, у прасторы «Робім разам» святкуюць Вялікдзень.
Вось якая праграма:
11:00 Велікодны сняданак у традыцыі беларусаў — святочная булка, біткі яйкамі і г.д.
11:30 — 13:00 майстар-клас па ляльках-матанках. Гэтым разам будуць рабіць Вяснянку, задорную лялечку, якую рабілі толькі ўвесну. Гэта сімвал прыгажосці, адраджэння і дабрабыту.
13:00 — 13:30 «Беларусь учора і сёньня» — расповед аб Беларусі (не толькі аб палітыцы!), як жывуць беларусы ўнутры краіны і за яе межамі. Хто мы?
13:30 — 14:00 Перапынак на каву. Можна прынесці свае прысмакі.
14:00 — 15:45 Беларускія традыцыйныя спевы. Кожны можа далучыцца !
15:45 — 16:30 Традыцыйныя танцы. Пачнуць ад першага кроку і затанчаць разам Лявоніху і Польку-бабку.
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.