Андрэ Бём (André Böhm). Славіст, беларусіст зь Нямеччыны, літаратуразнаўца і перакладчык з пятнаццацілетнімі сувязямі зь Беларусьсю. Жыву ў Горадні. Пішу двухмоўны (нямецка-беларускі) блёг. Люблю вандраваць па Беларусі. Аддаю перавагу тарашкевіцы.
9 траўня 1996 я прыехаў на Беларусь на двухтыднёвую экскурсію. У Берасьці, дзе цягнікі з заходняй Эўропы заўсёды на дзьве-тры гадзіны спыняюццая, я выйшаў зь цягніка (што сёньня забаронена), пашпацыраваў па горадзе і ўпершыню стаў сьведкам урачыстасьцяў з нагоды сьвята перамогі над фашысцкімі захопнікамі… Тады на берасьцейскім вакзале я і ўбачыў страшэнны туалет (праўда, не публічны, але для рабочых)… такіх туалетаў я з той пары ні разу ня бачыў больш на Беларусі за ўсе апошнія 15 гадоў… але тое было адно зь першых ўражаньняў на Беларусі, якое запомнілася!
У 2000 годзе, калі я прыехаў на вучобу ў Менск (не на два, але на тры сэмэстры, як потым аказалася), я яшчэ быў нямецкім піянэрам на Беларусі. Тады мала каму была цікава гэтая краіна. Мяне цікавіць шмат чаго: беларуская грамадства (бо яно ня толькі адрозьніваецца ад грамадства ў заходніх краінах, але й мае асаблівасьці ў адносінах да грамадзтва ў Расеі), дзьвюмоўнасьць, разьвіцьцё літаратуры і культуры…
Беларусь прываблівае мяне як “маленькая” краіна, якая на сусьветнай сцэне быццам не адыгрывае вялікую ролю – ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў культуры. Беларусь – маленькая краіна, у якой можна знайсьці і адкрыць вельмі шмат для сябе. Беларусь – гэта зялёныя лясы, бясконцае неба, салодкі мёд, рэкі і азёры, шматканфэсійнасьць, хараство.
Беларусы знаходзяцца у стане “паміж” – паміж Эўропай і Расеяй. Яны ня ведаюць, “хто” яны, куды іхні шлях іх вядзе, дзе іхняе месца — ў Эўропе ці ў Расеі. Таму, мабыць, знадворку падаецца, што Беларусь знаходзіцца ў такім застоі, бо адны рухаюцца ў гэты бок, а іншыя рухаюцца ў той бок… і я баюся, што, калі беларусы самы сябе называюць “памяркоўнымі”, тады ў гэтым скрываецца больш праўды, чым можна падумаць. Я не люблю абагульняць і не хачу прыпісваць пэўныя якасьці ўсім прадстаўнікам аднаго народа, але Беларусы, па сутнасьці, вельмі асьцярожныя людзі, скептычныя, яны чагосьці баяцца…
Але беларусы таксама валодаюць талентам самаіроніі. Яны ўмеюць сьмяяцца з саміх сябе, у іх ёсьць сэнс гумару, і гэта істотна, для таго, каб выжыць.
Мне вельмі падабаецца беларускі гумар. У штодзённым жыцьці трапіш у шмат розных цікавых, унікальных, нават сумных сытуацый. Сытуацыі нясьмешныя ў беларусаў часта выклікаюць сьмех, і гэта добра, бо што зробіш? Беларусы жывуць, любяць жыць. Нават у самым безвыходным становішчы яны не махаюць рукой на свой лёс. Яны аптымісты ўсёй душой.
Эмацыянальныя, душэўныя, шчырыя…
Мяне вабяць беларускія вёскі, людзі, якія там жывуць, іх спосаб жыцьця… а “шок” выклікае нешта зьвязанае з гэтым: Калі езьдзіш па Беларусі і глядзіш на вёскі, ня можаш не заўважаць, што жыхары ў вёсках пажылыя людзі. Маладыя зьбегаюць зь вёскі ў пасёлкі і гарадкі. А адтуль у сталіцу. Беларуская вёска вымірае.
Апроч таго, у Беларусі фактычна няма карысных выкапняў альбо іншых эканамічных “плюсаў” — і я задаю сабе пытаньне, чаму гэта так. Бо гэтага ў многіх іншых краінах таксама няма, але тыя краіны здолелі выпрацаваць моцную эканамічную сыстэму, бо яны перайшлі на вытворчую прамысловасць і сканцэнтроўваюць сваю моц на экспарт.
Але не хачу прыкідвацца спэцыялістам па эканамічных пытаньнях! Бавіць мяне ў гэтай краіне вельмі шмат. Словамі ня скажаш. Я пазнаёміўся зь беларускім ладам жыцьця, і штодзень пазнаю нешта новае. Я не магу і не хачу бяз гэтага…
Хочацца вяртацца ў вольную краіну. Хочацца жыць у краіне безь візавага рэжыму, бязь межаў. І каб беларусам, зь іншага боку, таксама можна было ехаць у Нямеччыну без абмежаваньняў, безь межаў.