28 красавіка 1924 года на памежнай заставе Коласава каля Стоўбцаў адбыўся абмен палітычнымі вязнямі паміж Польскай Рэспублікай і СССР. У выніку абмену СССР пакінулі 108 чалавек, а Польшчу — 33, піша MOST.
Брама і савецкая памежная застава ў Коласаве, 30-я гады ХХ ст. Фота: Wikimedia Commons
Коласава — застава на польска-савецкай мяжы, якая была ўстаноўленая па выніках Рыжскай мірнай дамовы 18 сакавіка 1921 года, паміж чыгуначнымі станцыямі Стоўбцы і Негарэлае. У Коласаве дзяржаўную мяжу перасякала чыгунка Баранавічы — Мінск, якая была галоўнай лініяй камунікацыі паміж Еўропай і СССР. У 1930-я гады Саветы пабудавалі на мяжы драўляную браму з надпісамі «Привет трудящимся Запада» і «Коммунизм сметёт все границы», якая існавала да пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе.
СССР перадаў польскаму боку палітычных зняволеных, якія былі абвінавачаныя ў нелаяльнасці камуністычным уладам і шпіянажы на карысць Польшчы. Абмен планаваўся на 26 красавіка, але Саветы затрымалі цягнік з вязнямі на двое сутак у Мінску, і на мяжу яны прыбылі 28 красавіка.
Вызваленых з СССР перавезлі цягніком з Коласава ў Варшаву. А 10-й раніцы 29 красавіка іх сустракалі на чыгуначным вакзале. Прывіталі вязняў сябры грамадскіх арганізацый са штандарамі, некалькі духавых аркестраў, дзяржаўныя чыноўнікі і каталіцкі арцыбіскуп Эдвард Роп, які ў 1919 годзе прайшоў досвед зняволення ў бальшавіцкай турме.
«Польскай песняй віталі аркестры прыбыццё цягніка. З глыбіні вагонаў пачалі выходзіць землякі, вырваныя з доўгай пакуты няволі. Некаторыя — пасля катаванняў і чакання смерці з рук бандытаў. Ціснуліся да іх найперш таварышы нядолі, якія здолелі раней вярнуцца ў айчыну. Самыя гарачыя прывітанні, што ўзрушвалі да глыбіні душы — былі ў нямым поціску рук і ў слязах, што каціліся па тварах», — апісвала прывітанне газета Kurjer Warszawski.
Як рыхтавалі абмен
Падрыхтоўка абмену цягнулася больш за год. І Польшча, і СССР узгаднялі спісы асоб, якіх хацелі атрымаць у выніку абмену. Часам у дыпламатычнай перапісцы той ці іншы бок сцвярджаў, што адмаўляецца выдаваць тых або іншых асоб. Урэшце, бакі дамовіліся, што будзе вызваленая частка зняволеных са спісаў, якія падрыхтаваў кожны з бакоў. Частку зняволеных складалі каталіцкія святары, якіх у сакавіку 1923 года асудзілі ў паказальным працэсе супраць Касцёла. Яны чакалі ў турме наступнага абмену — Саветы выдалі іх польскаму боку 31 студзеня 1925 года.
Абмену вязняў не дачакаўся асуджаны ў тым жа працэсе ксёндз пралат Канстанты Будкевіч, пробашч парафіі святой Кацярыны Александрыйскай у Санкт-Пецярбургу, якога бальшавікі расстралялі 31 сакавіка 1923 года ў Маскве.
Абмен палітычных вязняў паміж Польшай і СССР у Коласаве, 3 студзеня 1928 года. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Паводле ўзгодненага паміж СССР і Польшчай спісу, у красавіку 1924 года пакінуць СССР павінны былі 117 вязняў, а Польшчу — 36. Саветы прывезлі на мяжу 108 вязняў. Асобы, якіх своечасова не даставіў савецкі бок, былі выпушчаныя ў наступныя месяцы пасля прыдзірак. Трое вязняў з Польшчы адмовіліся выязджаць у СССР — камуністы Энта Фрыдман і Якуб Мандштэйн не захацелі ехаць у «савецкі рай», а Якуб Локер уцёк з турмы, нелегальна перайшоў польска-нямецкую мяжу і быў арыштаваны паліцыяй у Штутгарце. Бакі абяцалі права выезду для сем’яў вязняў, але гэтая ўмова была выкананая часткова. З Польшчы змаглі выехаць члены сем’яў усіх зняволеных, якія пажадалі гэтага. У той жа час СССР выпусціў сем’і толькі траіх абмененых.
Мы не змаглі знайсці ў даступных крыніцах поўнага спісу асоб, якіх Польшча і СССР абмянялі 26 красавіка 1924 года. Аднак абмены зняволеных паміж СССР і Польшчай адбываліся перыядычна ў міжваенны перыяд. Напрыклад, у 1933 годзе СССР і Польшча абмянялі зняволеных беларусаў Францішка Аляхновіча і Браніслава Тарашкевіча. Той абмен быў сімвалам трагічнай сітуацыі, у якой апынуліся беларусы ў ХХ стагоддзі.
Ян Рамэйка
Чытайце яшчэ:
Францішак Аляхновіч: чалавек, які раскрыў страшную праўду пра «самую шчаслівую краіну на Зямлі»
90 гадоў таму адбыўся абмен палітвязнямі-беларусамі. Як гэта было?