Ад Тваёй і Маёй да Нашай Беларусі


16 лістапада а 13-й гадзіне ў будынку Катэдральнага Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, у памяшканьнях якога пасьля працяглага рaмонту распачаў працу Беларускі Музэй у Ню-Ёрку, адбылося адкрыцьцё выставы вядомага беларускага мастака-графіка Яўгена Шатохіна «Мая і Твая Беларусь».
Гэта выстава стала першай для беларускага мастака ў Паўночнай Амэрыцы. Яе наведвальнікам Яўген Шатохін прадставіў 24 свае творы, выкананыя алоўкам і акварэльлю на паперы.

Пра творчую дзейнасьць Яўгена Шатохіна распавёў для наведвальнікаў Зянон Пазьняк. Беларускі палітык, гісторык і мастацтвазнаўца сказаў, што творы Яўгена Шатохіна, якія той ствараў пад час падарожжаў па розных мясьцінах Беларусі, выдатна адлюстроўваюць настроі, зь якімі жывуць людзі. Асаблівая ўвага ў выставе нададзена партрэтам жыхароў вёсак. «Схапіўшы» вобраз, Шатохін выяўляе характар і пачуцьці, заглядваючы ва ўнутраны сьвет герояў сваіх твораў, і дэманструе, што зьяўляецца сапраўдным майстром алоўка.


Таксама сп. Пазньяк распавёў пра суполку «Пагоня», яе стварэньне, дзейнасьць ды ролю, якую яна адыгрывала і адыгрывае ў адраджэньні беларускай культуры і культурнай сьведамасьці нацыі. Сябры яе, адным зь якіх зьяўляецца Яўген Шатохін, – гэта авангард і эліта мастацтва Беларусі.

Аўтар падзякаваў за ўвагу да сваёй дзейнасьці наведвальнікам, якія прыйшлі на вэрнісаж (больш шасьцідзесяці асобаў). Выстава будзе працаваць у Брукліне да 30-га лістапада. Яўген Шатохін таксама выказаў удзячнасьць Радзе Беларускага Музэю за магчымасьць правядзеньня выставы, распавёў пра сваю творчасьць, пляны у ЗША, пра вандроўкі па Беларусі і не толькі.

Меў выступ пад час адкрыцьця выставы і старшыня Рады Беларускага Музэю былы дырэктар Беларускага Музэю ў акупаваным Менску адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць. Сказаўшы, што ў розных краінах вызвольныя рухі ўзначальвалі людзі розных «палітычных» прафэсій, ён адзначыў ролю прадстаўнікоў мастацтва ў найноўшым Беларускім Адраджэньні. «На Беларусі вызвольны адраджэнскі рух знаходзіўся і знаходзіцца пад вялізным уплывам беларускіх творцаў. Роля людзей мастацтва неаспрэчна вялізная ў вяртаньні беларусаў да беларускасьці».

Так было стагодзьдзе таму, так ёсьць і зараз. Нягледзячы на складаныя ўмовы, мастакі працягваюць працаваць, паказваюць беларусам хараство і духоўнае багацьце сваёй краіны. Гэта карысная творчая адраджэнская дзейнасьць выяўляе і адлюстроўвае сапраўдную Беларусь. Менавіта дзякуючы такім мастакам, як Яўген Шатохін, «Мая і Твая Беларусь» набліжаецца да ўсіх нас.

Каментароў няма

  1. # 23 лістапада 2008 15:45
    Милана

    Не плохо было бы сайт сделать на нескольних языках, или хотябы на английском. Ну очень тяжело читать иностранцам.

Ваш каментар