«Ляпісы»: апошнія каралі апошняй «Рок-каранацыі»
«Ляпис Трубецкой» – лепшы беларускі гурт году, паводле экспэртаў штогадовай музычнай імпрэзы «Рок-каранацыя», якая ладзілася 14 сакавіка. Таксама творчасьць «ляпісаў» вызначаная лепшай у намінацыях «альбом году» (Маніфэст), і «песьня году» (Зорачкі). Трынаццатая «Рок-каранацыя» ўпершыню ладзілася па-за Менскам — у Маладэчна.
Імпрэзу распачаў гурт «Neuro Dubel» – папярэдні пераможца «Рок-каранацыі». Прызы за лепшую песьню і лепшы альбом «ляпісам» ўручаў Зьміцер Падбярэскі, аўтар першай «Энцыклапедыі папулярнай беларускай музыкі». Таксама сярод тых, хто ўручаў прызы: Максім Жбанкоў, журналіст і музычны крытык, Андрэй Скурко, рэдактар “Нашай нівы”, Сяргей Анішчанка, вэтэран беларускага рок-руху, Леанід Дранько-Майсюк, літратар, Вольга Кузьміч, прадстаўнік парталу generation.by.
Уласна прызы-кароны выносілі дзяўчаты з палацавай студыі прыгажосьці “Шарм” пад кіраўніцтвам Зінаіды Уладыка. Вялі імпрэзу Аляксандар Памідораў ды Іна Кашырына. Разам з каронай пераможцу ўручалі бутэльку шампанскага, пры тым, то на ўваходзе ахова правярала наведнікаў на наяўнасьць сьпіртовых напояў у торбах і заплечніках.
Перад пачаткам канцэрту электырчкі Менск — Маладэчна былі запоўненыя пад завязку маладымі людзьмі. Паўсюл у вагонах гучала беларуская мова. Уласна ў залі маладэчанскага Падлацу культуры свабодных месцаў практычна не было.
Наведнік Аляксей:
– Прышоў сюды, каб пабачыць, як прасоўваюцца беларускія гурты.
– Я Кася Шумская, на «Рок-каранацыі» ўпершыню. Квіток сюды выйграла дзякуючы віктарыне кампаніі “Будзьма!”. Вельмі радая, што жыўцом пабачыла шмат музыкаў: напрыклад, ніколі не была на канцэртах «Троіцы».
Акурат «Троіцы» каардынатар кампаніі «Будзьма!» Ніна Шыдлоўская ўручыла прыз у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць». Таксама «Будзьма!» Уручыла свае прызы лідэру гурта «neuro Dubel» Аляксандру Кулінковічу. Іншыя намінацыі і пераможцы склалі наступны сьпіс:
– Рок-князёўна: Ганна Хітрык з гурту «Детидетей», артыстычная і выразная, але запісаная ў рокеры хутчэй за непапсовасьць, чым за рокавасьць;
– Адкрыцьцё году: «Esprit», створаны ў 2007 годзе, дэбютавалі ў 2008; вакал – жаночы, плюс мужчынскі рэчытатыў;
– За ўнёсак у разьвіцьцё беларускага рок-н-ролу: «Zartipo» ў складзе Андрэя Іванова (гітара) і “магнітафона”. Гурт аднаго выканаўцы. Канцэпцыя – мінімалізм і гітарная імправізацыя. На слых — псіхадэлічнага і рэзкага гучаньня;
– Выканаўца году: Віталь Артыст («Bez Bileta»);
– Кліп году: “Мечтатель”, гурт «Bez Bileta» паводле журы, абраны лепшым праз прывабную творчую безадказнасьць;
Спэцпрызы атрымалі:
«Садъ» — досыць сталы гурт. Было прамоўлена, што нельга ўрэшце рэшт не ацаніць яго заслугі. У адказ “Садъ” прасьпявалі пра тое, як выжыць у сьвеце, не папсаваўшы нэрваў. На недахоп гумару музыкі не пакутуюць.
«Авангардшкола» — панкі з Магілёва. Пачалі выступ ціхмяна і пра каханьне, але, нягледзячы на просьбы, скончылі яго не вядомай “Вішняй”.
«Князь Чарадзей» – іх гісторыя налічвае дзесяць гадоў. Назва ўзятая на гонар легендарнага полацкага князя замест колішняй “Белыя росы”. Адна з выкананых песень была на словы Караткевіча, другая – “Гусьляр” – на словы кіраўніка ВІА.
«IQ-48″ былі прызнаныя галоўнымі марсіянамі. Яны паспрабавалі адшукаць у залі маладэчненскіх кітайцаў – ці кітайскіх маладэчненцаў. Экзотыку да экзотыкі цягне.
Глядачка Юля:
– Чаканьні ад «Рок-каранацыі» спраўдзіліся, хоць ніколі тут не была, бо насамрэч мне больш падабаецца метал. А з тых, хто быў на сцэне, найбольш запомніўся «Ляпис Трубецкой».
Ад наступнага году фармат «беларускага Грэмі» зьменіцца. З назвы зьнікне слова «рок», у спаборніцтве змогуць удзельнічаць выканаўцы іншых музычных жанраў.
Фота — Юра Сідун, generaton.by
***
Глядзець фотарэпартаж на generation.by
Глядзець фотарэпартаж на ultra-music.com
