Паэтычныя ломкі пры выдавецтве «Галiяфы»

Калі наведваеш сустрэчы літаратараў-пачаткоўцаў альбо паседжанні новаствораных, але ўжо амбітных літаб’яднанняў, канчаткова пераконваешся: паэт — гэта хвароба. Часам такія вячоркі могуць выглядаць як сход асацыяцыі ананімных алкаголікаў, якіх любяць паказваць у галівудскіх фільмах. Ну, памятаеце, у напаўпустой залі на модных крэселках на тле стэлажоў і надпісу «ААА» сядзяць барадатыя дзядзькі ў клятчастых кашулях, якія ўстаюць па чарзе альбо так і кажуць: я, той і той, алкаголік, стаж – дзесяць гадоў, мне сорамна, я ўсвядоміў, бла-бла-бла і пачынаецца гісторыя хваробы. Усе астатнія павінны праслухаць успаміны пра першы раз, аповед пра сімптомы і пра шчаслівую цвярозую будучыню.
Паэты і літаратары пішуць збольшага не дзеля публікацыі, піяру, Нобелеўскай прэміі альбо каб выдаць кніжку і ўцюхваць яе сваім знаёмым і калегам на працы. Партос казаў: «Я б’юся, таму што б’юся», а паэты пішуць, таму што пішуць. Бо як не напішуць, могуць пачацца ломкі як у таго алкаголіка. Вось таму паэты ўстаюць з цёплага крэсла і кажуць «Так, я паэт, я хварэю на слова, вобраз і рыфму, у маёй крыві падвышаны ўзровень паэтычнага рэчыва». Пачынаецца аповед пра першы раз, вершы пра сімптомы хваробы, эманацыя паэтычных рэчываў у паветра.
Літаб’яднанне «Вобла» пры выдавецтве «Галiяфы» ўзнікла зусім нядаўна. Пакуль адбылося толькі два паседжанні ў памяшканні Цэнтр акiянаграфii Кастрычнікага раёну. Калі па шчырасці , Цэнтр акіянаграфіі — гэта звычайныя сутарэнні ў «сталінцы», ператвораныя ў маленькі ці то клуб, ці то музей, які распавядае пра мора і людзей якія па ім «ходзяць». Такі сабе маленькі цуд на вуліцы Брылеўскай, які схаваўся ад чужых вачэй у старым утульным двары. Атмасфера для літаратуры пасуе як найлепш.
Для выдавецтваў такія аб’яднанні, дарэчы, гэта немалаважная рэч. З іх дапамогай адбываецца селекцыя вартых увагі аўтараў. Літаратурныя суполкі — як сеткі, якія расстаўляюць выдаўцы каб завабіць туды таленавітых стваральнікаў тэкстаў. Выдаўцам трэба выдаваць кнігі, але перад гэтым трэба зрабіць персаніфікаваны выбар. «Галіяфы» расставілі сетку і распачалі сезон палявання на літаратурных рыбін. Так узнікла «Вобла».
«Вобла» — суполка маладая, у яе няма пакуль яўна акрэсленага фармату. Прысутнасць Змітра Вішнёва і Сержа Мінскевіча зусім не азначае, што «Вобла» стане рэінкарнацыяй «Бум-бам-літа». Падчас паседжанняў тут можна пачуць традыцыйную беларускую лірыку ад Рагнеда Малахоўскага, хайку Кацярына Макарэвiч, літаратурныя навучанні для маладых Уладзіміра Гніламёдава. Ну і канешне паэтычныя эксперыменты. Без гэтага нельга, гэтым жыве паэзія.
Адказны за сеткі — паэт Вячаслаў Корбут. У сеткі «Воблы» трапілі між іншым, Юрась Барысевiч, Аляксей Талстоў, Сяргей Календа, Андрэй Куранкоў, Кацярына Коласава, Цiмур Хомiч, Наталля Кавальская, Дзмiтрый Калейчык, Вiкторыя Захарава… А колькі трапіцца яшчэ і хто гэта будзе — невядома.
На пачатку я напісаў, што літаратары пішуць не дзеля публікацыі, а таму, што маюць патрэбу ў гэтым. Гэта амаль праўда, бо ўсё-ткі кожны з іх хоць раз у жыцці мроіў пра ўласную кніжку. Для беларуса гэта важна, можа болей за шмат каго з іншых народаў. «Я не самотны, я кніжку маю…». Таму для пачаткоўцаў такія сустрэчы пад патранатам выдавецтва могуць сыграць вырашальную ролю.
Лавіся рыбка малая, лавіся рыбка вялікая. «Вобла» запрашае !
Для www.budzma.org