Наталля Качаноўская: “Адчуваць сваю годнасць”

natallia-kacanouskaja

– Я нарадзілася ў Мінску яшчэ ў савецкія часы. У пэўным сэнсе мне пашанцавала: перажыла хрушчоўскую адлігу, брэжнявізм… Нарадзіўшыся ў СССР, толькі выязджаючы за межы сваёй рэспублікі, я адчувала, што я беларуска. У савецкія часы я не задумвалася аб сваёй нацыянальнасці, таму што гэта не падкрэслівалася: мы жылі ў адзінай краіне.

Пасля развалу СССР першае, што мяне непрыемна ўразіла, – гэта рэферэндум 1995 году, вяртанне расійскай мовы. Нібыта нароўні з беларускай, але я разумела, што гэта пачатак русіфікацыі, што руская і беларуская не будуць роўнымі.

Калі бачыла, як з Дома ўраду здымалі “Пагоню”, у мяне балела сэрца. І я дала сабе клятву, што пакуль гэта ўсё не скончыцца, са мной, куды б я ні паехала, будзе сімволіка. Я лічу, што гэта важна.

Я дала клятву, што буду размаўляць толькі па-беларуску. Асяродак мой русіфікаваны: на працы, на вуліцы мала хто размаўляе, і таму я ўступіла ў ТБМ.

Выкладаю ангельскую мову. І калі я пачынала размаўляць па-беларуску, у мяне раптам пачыналі лезці ангельскія словы. Ангельская мова, як кажуць, сядзіць у падкорку, і яна займала ў маёй галаве месца роднай мовы: у школе я вучылася на рускай мове, а беларуская была толькі як прадмет.

Чалавек павінен ведаць некалькі моваў. Лаціняне казалі: колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек.

Цяпер для мяне галоўнае, каб у краіну вярнуўся закон, каб я жыла ў сваёй маленькай прывабнай для мяне і іншых краіне, якая не жадае канфліктаў, але адстойвае свае правы. Для мяне быць беларускай – гэта адчуваць сваю годнасць, у першую чаргу чалавечую.

Пяць тысячагоддзяў таму жыў Феанід Кіоскі, якому належаць словы: для поўнага шчасця чалавеку неабходная слаўная Айчына. І я жадаю быць шчаслівай.

Наталля Качаноўская, выкладчыца

Пра праект “Як я стаў беларусам”

2 каментара

  1. # 08 красавіка 2010 06:53
    Ілля

    Наталля, дзякуй Вам за шчыры аповед. са старажытнасці вядома: жадаеш некага ў чым-небудзь пераканаць, зрабі гэта на ўласным прыкладзе. Што да мяне, дык калі гэтак робіць той, хто шмат дзе быў, шмат што бачыў, шмат каму выкладаў, пераканаўчы ўплыў (ды нават не пераканаўчы, а нейкі стваральны) павялічваецца ў разы. Большасць тых, хто зараз выступае за нацыянальнае адраджэнне, выхоўвываліся ў савецкім асяроддзі. І гэта не добра і не дрэнна, гэтак было. Але вельмі рэдка сустракаецца шчырая аб’ектыўная адзнака тых часоў (нават ад вядомых беларусаў). Лічу, што моладзі вельмі патрэбна ведаць пра гэта…

  2. # 26 снежня 2011 18:35
    Николай

    Ищу репетитора белорусского языка по скайпу или просто людей, которые помогут в освоении языка. Люди, помогите! Предложения пишите на почту undeground-87@yandex.ru. Сам белорус, но родился в России и очень хочу выучить белорусский!

Ваш каментар