Сяргей Сакума: «Беларусь – гэта як каханне»

siarhej-sakuma

–  На ўсходзе Беларусі, дзе я нарадзіўся, усе вакол размаўлялі па-руску. Толькі бабуля, што жыла разам з намі, раптам устаўляла свае: “анягож”, “скуля я ведаю”. Я неўпрыкмет набіраўся сякіх-такіх словаў і пасля ўстаўляў у школьныя сачыненні.

Памятаю яшчэ 10 клас, калі на занятках па беларускай літаратуры з усяго класа на беларускай мове гаварыла толькі настаўніца. А я вельмі быў задаволены, калі падчас адказу мне шэнціла скласці цэлы сказ, не ўжыўшы ніводнага рускага слова. На першым курсе ў студэнцкім інтэрнаце я пасяліўся ў блоку, дзе суседзямі, на шчасце, апынуліся тры хлопцы, якія ўвесь час размаўлялі па-беларуску і якія былі сапраўды шчырымі і свядомымі. Не прайшло і двух тыдняў, як і я сам ужо тарабаніў па-беларуску, і так мне гэта падабалася, што і слова не даваў уставіць сваім суседзям.

Пасля былі Дзяды. Я пайшоў з сябрамі ў Курапаты. Крыжы ўздоуж дарогі, невялікія яміны і пагоркі паміж дрэваў. З’явілася калона са сцягамі, прычым сцягоў, падавалася, было болей, чым людзей. Гэтая калона рухалася нібыта адна з грунвальдскіх харугваў. Мне мроілася, што ўсё магчыма, што праз дзесяць гадоў усе будуць размаўляць па-беларуску і што людзі вакол мяне – блізкія, хаця раней іх не бачыў. Мабыць, тады я ўпершыню і адчуў, што беларус – гэта і я таксама.

Быць беларусам – гэта ісці ў свет не з пустымі кішэнямі і чалавекам без роду, а несці свету нашыя здабыткі і каштоўнасці, з гонарам трымаць голаў. Быць беларусам – гэта мець сістэму кардынат, мець мэту і напрамак, не страціць сябе ў цяперашні час. Беларусь – гэта як каханне. Беларусь жыве, пакуль жывуць людзі, якія носяць яе ў сваім сэрцы.

Сяргей Сакума, тутэйшы антраполаг

Аб праекце “Як я стаў беларусам”

6 каментароў

  1. # 23 студзеня 2010 16:49
    Marysia K.

    Сярожка, парадаваў) Як заўжды, тонка і з гумарам! ;)

    • # 07 лютага 2010 10:12
      siarhej

      дзякуй Марыля за добрыя каментары, як заўжды )

  2. # 25 студзеня 2010 21:33
    Міхась

    Тутэйшы антраполаг :-))))))))))))))))))))

    • # 07 лютага 2010 10:13
      siarhej

      ну хацелі касманаўтам запісаць, але гэты тытул выглядаў больш-менш рэальна )))

      мы ўсе, калі разабрацца, антраполагі )))

  3. # 06 лютага 2010 21:15
    Natalia

    <>
    Згодна на 100%

    • # 07 лютага 2010 10:14
      siarhej

      дзякуй вялікі! Калі гэта Ваша эсе, там вышэй – то я пакінуў каментар )

Ваш каментар