Вось гэта быў баль! “Песні філаматаў” у Полацку і Віцебску

Першыя ў 2012 годзе выступы музычна-гістарычнага праекта “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы МГА “Гісторыка”, адбыліся 21 студзеня ў Полацку і Віцебску.

У Полацку арыгінальныя песні з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў Т.Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам Святленай Немагай, прагучалі ў канферэнц-зале Музея беларускага кнігадрукавання.

Затым удзельнікі праекта выправіліся ў Віцебск, дзе выступілі на выставе па выніках мастацкага пленэра “У пошуках Атлантыды. Смаляны” у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (гістарычны будынак гарадской ратушы). Менавіта ў Смалянах знаходзяцца пахаванні Т.Зана і Б.Свентажэцкай. Воблік “архіпрамяністага” Зана, які па праву лічыўся адным з духоўных лідэраў свайго пакалення, лунаў над прысутнымі, увасоблены ў габелене віцебскай мастачкі Святланы Баранкоўскай.

Шматлікія слухачы ахвотна падпявалі песні на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца па адмысловых спеўніках, падрыхтаваных МГА “Гісторыка”, і па філамацкай традыцыі частаваліся малаком – сімвалам праўды і чысціні. Удалым экспромтам сталася выкананне адной з віцебскіх паненак “Песні Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака).

Насычаная праграма папулярызатараў філамацкай спадчыны завершылася ўдзелам у танцавальным вечары-маскарадзе “Рэдуты. Белы баль”, які прайшоў у адной з залаў комплексу “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”. Песенныя творы 19 стагоддзя добра падыйшлі да святочнай атмасферы балю, выклікаўшы шчырую цікавасць яго ўдзельнікаў.

Фота з балю – Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска

2 каментара

  1. # 01 лютага 2012 00:20
    Валошка

    Хоць бы напісалі, хто зладзіў баль..

  2. # 02 лютага 2012 10:07
    Аляксей

    Дарэчы, я і сам хацеў бы ведаць дакладна, хто зладзіў цудоўны баль у Віцебску, акрамя МГА «Гісторыка». Падаецца, было некалькі арганізатараў, і было б прыкра памыліцца і кагосьці не назваць. Увогуле, на маю думку, баль цалкам варты асобнага артыкула (не кожны здагадаецца зайсці па спасылцы на «Народныя навіны Віцебска»).

Ваш каментар