Яўген Валошын заклікаў вучыць мову і нараджаць герояў
Паэтычна-музычны дуэт Глеба Лабадзенкі і Яўгена Валошына правёў шэраг творчых сустрэч па вёсках Баранавіцкага раёну Берасцейскай вобласці 7 траўня.

Яўген Валошын
Выступы прайшлі ў вясковых школах. Глеб Лабадзенка чытаў вершы, расказваў байкі пра журналісцкую працу, а Яўген Валошын спяваў беларускія песні.

Школьнікі ў Сталовічах
У актавай зале сярэдняй школы Сталовічаў сабралі старшакласнікаў. Паслухаўшы вершы і песні, 11-класнікі бралі парады наконт таго, куды паступаць і чаму падчас цэнтралізаванага тэставання лепш выкарыстоўваць родную мову.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка:
«Я выкарыстоўваў выключна беларускую мову і без праблемаў паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Вучыце родную мову, набірайцеся розуму, дурных у нас і так хапае».

Настаўніца і школьнікі ў Гарадзішчах
У сярэдняй школе мястэчка Гарадзішча Лабадзенку і Валошына слухалі вучні 9-х класаў. Аказалася, што амаль усе дзеці добра размаўляюць па-беларуску. Апроч канцэртнай праграмы Яўген Валошын расказаў дзецям пра беларускіх ветэранаў вайны.

Школьнікі ў Сталовічах
Яўген Валошын:
«Дыверсантка Настасся Сопатава з Мінску, якая добра размаўляла па-беларуску, падрывала гітлераўскія эшалоны і бензавозы. Акупанты дрыжалі ад яе дыверсій. Нават амерыканскі кінагерой Рэмба ў параўнанні з ёй – нягеглае немаўля. Вучыце родную мову, любіце сваю краіну і нараджайце такіх жа герояў».

Выступ у Гірмантаўцах
У сярэдняй школе вёскі Гірмантаўцы Лабадзенка і Валошын былі здзіўлены тым, як добра дзеці ведаюць навуковыя тэрміны па-беларуску. Нават фізіку яны вывучаюць па табліцах, складзеных на роднай мове. А дырэктарка школы, настаўніца рускай мовы, у штодзённым жыцці выдатна размаўляе па-беларуску.

Глеб Лабадзенка: »Сачыце за рукамі!»
Выступ, які зноў жа складаўся з песняў і вершаў, цягнуўся больш за гадзіну. Пасля гэтага паэта і музыку частавалі стравамі мясцовай кухні.

Выступ Яўгена Валошына ў Гарадзішчах
Творчыя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Алекс
У Сталовiчах школы няма! Так званая Сталовiцкая школа знаходзiцца насамрэч у пасёлку Кастрычнiцкi Баранавiцкага раёну. Некалi, да 1953 года, у Сталовiчах была школа, потым яна была пераведзена, у Кастрычнiцкi. Назва захавалася старая. Не блытайце назву з месцазнаходжаннем!
Алекс
I яшчэ. Нельга пiсаць «у ГарадзiшчАХ», трэба «у ГарадзiшчЫ». Бо называецца пасёлак ГарадзiшчА, а не ГарадзiшчЫ.