Яднаемся на www.budzma.org

Кампанія “Будзьма” прэзентуе беларускай інтэрнэт супольнасці сайт «Будзьма разам!». Сайт — грамадскі дзённік, куды можа напісаць кожны.

Сайт «Будзьма разам!» створаны дзеля яднання ў адну інфармацыйную прастору розных культурных і грамадскіх ініцыятыў, наладжвання супрацоўніцтва паміж імі.

Упершыню прапануецца ўнікальная магчымасць для ўсіх, хто працуе ў галіне культуры ці ёю цікавіцца, аб’яднацца дзеля ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах, абмену цікавай інфармацыяй, ведамі і меркаваннямі, планамі і прапановамі.

Сайт вельмі просты ў карыстанні і створаны так, каб кожны мог змясціць на ім свой матэрыял: навіну, кантакт у адраснай кнізе, падзяліцца спасылкай, альбо падаць абвестку ў афішы. Тэматыка тэкстаў неабмежаваная. Вашай увазе рубрыкі: Навіны, Афіша, Кампаніі, Адрасная кніга, Лінкі, Забавы, Грамадства, Культура, Музыка, Гісторыя, Грамадскі сектар.

Сайт з цягам часу можа стаць вялікай скарбонкай беларускіх інтарэсаў: карыстацца супольна сабранай інфармацыяй змогуць усе.

Каб зрабіць сваё паведамленне на сайце “Будзьма разам!”, трэба націснуць у левым слупку на надпіс “Напішы сваю навіну”. І вашая навіна ці абвестка з’явіцца ў адпаведнай тэматычнай рубрыцы сайта. (Пакідаем за сабой права стылістычнай рэдактуры).

Сайт ствараецца для дыскусіяў, а не для сварак. Вітаюцца тэмы, якія яднаюць беларусаў.

Пазнаёміцца з анонсам усіх мерапрыемстваў і навінамі кампаніі “Будзьма” можна ў адмысловай рубрыцы сайта, якая так і завецца «Будзьма!». Там вы знойдзеце інфармацыю пра такія культурныя падзеі кампаніі як канцэрты, выступы літаратараў, выставы мастакоў ды інш.

Калі ў Вас ёсць пытанні, заўвагі ці прапановы па працы сайту, звяртайцеся па электронным адрасе razam@budzma.org ці па тэлефоне
+ 375 29 627 35 50 (Севярын Квяткоўскі).

Будзьма беларусамі! Будзьма разам!

2 каментара

  1. # 02 кастрычніка 2008 02:01
    Малчык

    А што сайт у такой нафталінавай манеры зроблены? Толькі для аматараў старадаўняў культуры? А для 21-на стагоддзя месца ёсць?

  2. # 02 кастрычніка 2008 12:05
    Filifionka

    А мне сайт наравіцца. Нагадвае «Чалавечкаў у танцы» Артура Конана Дойля.

Ваш каментар